Ілулісат
Ілулісат, таксама Якабсхаўн — горад і адміністрацыйны цэнтр аднайменнага муніцыпалітэта, размешчанага ў Заходняй Грэнландыі. Плошча тэрыторыі муніцыпалітэта 47000 км². Насельніцтва муніцыпалітэта дасягае 4996 чал., з якіх у горадзе, размешчаным у 200 км на поўнач ад Палярнага круга, пражывае 4533 чалавек (на 2005), гэта трэці па колькасці насельніцтва горад Грэнландыі. У перакладзе з грэнландскай мовы слова «ілулісат» азначае «айсбергі». Асноўная галіна — турызм.
Гісторыя
Археалагічныя раскопкі датуюць першыя паселішчы людзей у гэтай мясцовасці перыядам каля 3500 гадоў таму, у гэтай мясцовасці раней знаходзілася адно з найбуйнейшых паселішчаў на востраве, дзе пражывала каля 250 чалавек. Сучасны горад быў заснаваны ў 1741 годзе дацкімі місіянерамі.
У 1879 годзе тут нарадзіўся этнограф і даследчык Арктыкі Кнуд Расмусен. Сёння яго дом служыць музеем, дзе прадстаўлены матэрыялы і экспанаты якія ён сабраў у сваіх экспедыцыях. Таксама ў горадзе знаходзіцца Мастацкі музей Ілулісата — галоўны выставачны цэнтр паўночнай часткі краіны і Музей холаду, прысвечаны геалогіі і гляцыялогіі вострава, а таксама ў ім прадстаўлена экспазіцыя вырабаў дацкіх пасяленцаў і інуітаў.
27-29 мая 2008 года тут праводзілася Канферэнцыя па Паўночным Ледавітым акіяне, на якой прысутнічалі міністры замежных спраў Канады, Даніі, Нарвегіі, Расіі і ЗША.
Эканоміка
Традыцыйнымі промысламі мясцовага насельніцтва галоўным чынам з’яўляюцца лоўля рыбы і бой марскога звера. Але асноўны даход жыхары атрымліваюць ад турызму.
Транспарт
Транспартнае паведамленне ажыццяўляецца паветраным шляхам, які абслугоўвае мясцовая авіякампанія Air Greenland.
Фіёрд Ілулісат
40-кіламетровы фіёрд Ілулісат запоўнены айсбергамі, якія спаўзаюць з ледавіка Сермек-Куджалек, што мае шырыню каля 5 км пры таўшчыні лёду ў ніжняй частцы каля 150 метраў, з’яўляецца самым прадуктыўным у Паўночным паўшар’і. У 2004 годзе быў унесены ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Спасылкі
- Афіцыйны сайт Ілулісата Архівавана 5 лютага 2006.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1741 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.