Архамен (Беотыя)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Архамен.
Архамен (стар.-грэч.: Ὀρχομενός) — старажытны горад у Беотыі. Названы Мінійскім паводле адной версіі, па імі племя мінійцаў, якія насялялі Грэцыю яшчэ да прыходу грэкаў, паводле іншай — па імі цара Мінія, грабніца якога выяўлена Генрыхам Шліманам (у адрозненне ад іншага Архамена, размешчанага ў Аркадыі).
Горад быў размешчаны ва ўрадлівай даліне, пры ўпадзенні Кефіса ў возера Капаіда, але пазней, з-за балот, якія тут утварыліся, быў перанесены на паўночны захад, на схіл гары Акантыя.
Паселішча на месцы Архамена існавала з часоў неаліту. У мікенскі перыяд Архамен валодаў амаль усёй Заходняй Беотыяй. Архамен удзельнічаў у траянскім паходзе, паслаўшы пад Трою 30 караблёў. Пасля траянскай вайны (да VI ст. да н.э.) Фівы адабралі ў Архамена гарады, якія яму належалі, і вымусілі яго ўступіць у Беатыйскі саюз пад вяршэнствам Фіваў. У Карынфскай вайне Архамен выступаў на баку Спарты і каля 364-363 да н.э. быў разбураны фіванцамі. З 353 да н.э. пачаў аднаўляцца факейцамі, пры македонскіх царах Філіпе II і Аляксандры ўзмацніўся, але ранейшага значэння ўжо не набыў.
У 85 да н.э. у Архамена адбылася бітва, у якой Сула перамог Мітрыдата VI Еўпатара.
Недалёка ад Архамена, у горадзе Херанея, нарадзіўся Плутарх.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Архамен (Беотыя)
Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.