Біргу
Біргу (італ.: Citta Vittoriosa ці мальт.: Birgu) — невялікі горад на Мальце, які адыграў вялікую ролю ў час аблогі Мальты ў 1565 годзе. Паводле перапісу 2005 года насельніцтва горада складае 2701 чалавек. З мора да горада прылягае форт Сент-Анджэла, а з паўднёвага захаду горад Каспікуа.
Гісторыя
Гісторыя Біргу ўключае падзеі ваенна-марской і гандлёвай дзейнасці вострава. Да з’яўлення Валеты Біргу, з прычыны ўдалага месцазнаходжання ў Вялікай гавані, быў асноўным стратэгічным горадам Мальты, у якім былі сканцэнтраваны асноўныя ваенныя сілы. Яго развіццю і росквіту пасадзейнічалі многія народы, у тым ліку фінікійцы, грэкы, рымляне, візантыйцы, арабы, а таксама рыцары мальтыйскага ордэна.
У 1530 годзе, пасля прыбыцця на востраў гаспітальераў, Біргу стаў іх сталіцай, таму што ранейшая сталіца Мдына, знаходзячыся ўнутры вострава, не адпавядала ваенна-марскім патрабаванням. Адразу пасля гэтага яны правялі серыю мерапрыемстваў па ўмацаванні форта Сент-Анджэла, самога горада Біргу і двух іншых прылеглых да яго гарадоў. У той час горад атрымаў назву Чыта Катанера (італ.: Citta’ Cottonera), якая з часам стала пазначаць і наваколлі горада.
На працягу вайны паміж гаспітальерамі і туркамі Біргу так і ні разу не быў захоплены апошнімі, гераічна вытрымліваючы любыя атакі праціўніка. Але ўсё ж вайна знясіліла горад і пасля яе заканчэння вялікі магістр ордэна гаспітальераў вырашыў стварыць новы больш умацаваны горад на процілеглым беразе Вялікай гавані, які атрымаў назву Валета. Пасля зняцця блакады гаспітальеры далі Біргу новую назву — Чыта Вітарыёза (італ.: Citta Vittoriosa), што ў перакладзе з італьянскай азначае пераможны горад. У 1571 годзе, пасля таго як рэзідэнцыя вялікага магістра была перанесена ў новую сталіцу, Біргу страціў сваё значэнне.
Вялікабрытанія, якая завалодала востравам у 1800 годзе, размясціла ў Біргу сваю ваенна-марскую базу, якая заставалася там да 1979 года.
Прыхадской царквой горада з’яўляецца храм Св. Лаўрэнція, свята ў гонар якога здзяйсняецца 10 жніўня. У горадзе таксама знаходзіцца касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы, які належыць манахам-дамініканцам. Касцёл таксама часам называюць у гонар Св. Дамініка, свята ў гонар якога адзначаецца кожную апошную нядзелю жніўня.
Горад і дагэтуль акружаць умацаваныя гарадскія сцены, а турыстаў прыцягваюць апроч усяго іншага Палац інквізітараў і форт Сант-Анджэла, у якім на працягу некаторага часу трымалі пад вартай Караваджа.
Біргу і суседнія гарады Каспікуа і Сенглея, утвараюць рэгіён Катанера (італ.: Cottonera), які з поўдня акружае Вялікую гавань, іх агульнае насельніцтва складае 5642 чалавекі.
Дэмаграфія ў Біргу
- 1901: 6093 чал.
- 1921: 5887 чал.
- 1931: 6673 чал.
- 1948: 3816 чал.
- 1957: 4242 чал.
- 1967: 4017 чал.
- 1985: 3572 чал.
- 1995: 3069 чал.
- 2005: 2701 чал.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Біргу
- Сайт горада Архівавана 11 красавіка 2020.
- Свята Св. Лаўрэнція Архівавана 5 красавіка 2009.
- Свята Св. Дамініка ў Біргу
Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.