wd wp Пошук:

Гале (Шры-Ланка)

Гале (сінгальск.: ගාල්ල, там.: காலி) — горад, адміністрацыйны цэнтр Паўднёвай правінцыі Шры-Ланкі. Насельніцтва - 99478 чал. (2011 г.), пераважна сінгалы, а таксама маўры, тамілы і бюргеры.

Геаграфія

Гале знаходзіцца ў 119 км на поўдзень ад горада Каломба на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна. Клімат субэкватарыяльны, засушлівы. Сезон мусонаў і сухі сезон амаль не вылучаюцца. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ў межах 25 - 27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў - 240,3 мм.

Гісторыя

Паселішча на месцы Гале ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Гале часцяком атаясамляюць з Калі, развітым гандлёвым цэнтрам на поўдні Шры-Ланкі, назва якога сустракаецца ў арабскіх, а пазней у кітайскіх тэкстах з XIV ст. Але найбольш праўдападобнай крыніцай існавання горада з’яўляецца сведчанне партугальцаў у 1505 г. Яны трапілі на Шры-Ланку выпадкова пад час буры. Гале стаў першым месцам на востраве, якое яны знайшлі, хаця жыхары порта адмовіліся даваць дазвол на ўваход іншаземнага карабля.

Паходжанне назвы горада таксама застаецца спрэчным. Яе выводзяць ад сінгальскага слова ගල (“скала”) або партугальскага слова galo (“певень”).

У XVI ст. Гале быў падначалены партугальцамі. У 1660 г. - галандцамі, якія пабудавалі тут моцную гранітную крэпасць з трыма бастыёнамі “Сонца”, “Месяц” і “Зорка”. У 1796 г. яна перайшла пад кантроль Вялікабрытаніі і выкарыстоўвалася як адміністрацыйны цэнтр поўдню Шры-Ланкі. У 1865 г. з’явіўся самастойны муніцыпалітэт Гале, які меў унутранае самакіраванне.

Горад моцна пацярпеў пад час цунамі 26 снежня 2004 года.

Інфраструктура

Асновай мясцовай эканомікі з’яўляюцца турызм, гандаль, а таксама перапрацоўчая прамысловасць. Гале - важны транспартны вузел Паўднёвай Шры-Ланкі. Працуюць порт, чыгуначная станцыя, аўтобусны вакзал.

Адукацыйныя ўстановы: 29 урадавых і 5 прыватных (пераважна рэлігійных) школ, а таксама ўніверсітэт Рухуна.

Славутыя мясціны

Старая частка Гале

Гале з’яўляецца адным з галоўных турыстычных цэнтраў Шры-Ланкі. Асабліва цікавую яго частку ўяўляюць сабою Стары Гале і крэпасць Гале, пабудаваныя ў XVII - XVIII стст. галандцамі. У 1988 г. яны былі ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Найлепш захаваліся гранітныя муры крэпасці, што прымыкаюць да Індыйскага акіяна, галандскі касцёл XVIII ст. у стылі барока і знешні бок рэзідэнцыі камандора крэпасці. У XIX - перш. пал. XX ст. рэзідэнцыя выкарыстоўвалася брытанскай каланіяльнай адміністрацыяй. Астатняя частка значна перабудавана. Стары Гале вядомы вузкімі вуліцамі і дамамі, кожны з якіх мае сваю назву.

У прадмесцях Гале, а таксама каля яго знаходзяцца цудоўныя пляжы. Асабліва вядомыя пляжы заліва Унаватуна.

Гарады-пабрацімы

  1. Вельзен, Нідэрланды

Галерэя

  • Гале ў 1754 г.
  • Знешні выгляд крэпасці ў сучаснасці
  • Маяк на тэрыторыі крэпасці
  • Галандскі касцёл XVIII ст.
  • Базар
  • Заліў Унаватуна

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be