Далі (горад)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Далі.
Далі (кіт.: 大理) — горад на захадзе кітайскай правінцыі Юньнань, адміністрацыйны цэнтр аўтаномнай прэфектуры народа бай. Насельніцтва (2020 г.) — 771 128 чалавек.
Геаграфія
Далі месціцца за 270 км на паўночны захад ад Куньміна, адміністрацыйнага цэнтра правінцыі Юньнань, на паўднёвым і паўднёва-заходнім берагах возера Эрхай. Сучасны горад уяўляе сабою агламерацыю некалькіх буйных паселішчаў, фактычна ператвораных у гарадскія раёны. Сваю назву ён атрымаў ад аднайменнага старажытнага горада на паўднёва-заходнім беразе. Адміністрацыйная частка, асноўныя транспартныя і прамысловыя прадпрыемствы знаходзяцца ў паселішчы Сягуань на паўднёвым беразе.
Клімат мяккі, блізкі да субтрапічнага. Улетку сярэднія тэмпературы трымаюцца каля +20°C. Узімку — каля +8,5°C, аднак з-за прахалодных вятроў з суседняга Тыбецкага нагор’я могуць падніжацца да –4,2°C. Нярэдкая зімовая з’ява — снегапад. Сярэдняя гадавая норма ападкаў — 1054,8 мм.
Гісторыя
У VII — VIII стст. берагі возера Эрхай сталі калыскай цывілізацыі некалькіх горных народаў. У VII ст. тут была створана дзяржава Наньчжаа. Яе сталіцай стаў горад Тайхэ на паўднёва-заходнім беразе. У X ст. першынство перайшло да дзяржавы Далі, якая атрымала сваю назву дзякуючы радовішчам белага мармуру. Сталіца Далі мелі тую ж назву, што і дзяржава, з’яўлялася буйным для таго перыяду гандлёвым горадам. У 1253 г. яна была разбурана падчас нашэсця мангольскага хана Хубілая.
Горад Далі быў пабудаваны нанава на паўднёва-заходнім беразе падчас кіравання імператара Чжу Юаньчжаня (XIV ст.). У 1856 г. ён стаў цэнтрам паўстання кітайцаў-мусульман супраць дынастыі Цын. У 1925 г. горад моцна пацярпеў ад землятрусу. У 1950 г. быў створаны спецыяльны раён Далі ў складзе правінцыі Юньнань, аднак адміністрацыя была перанесена з горада Далі ў суседні Сягуань.
Эканоміка
Далі — важны транспартны і турыстычны цэнтр Юньнань. Тут дзейнічаюць аэрапорт і чыгуначная станцыя на лініі Ліцзян — Куньмін. Працягласць гарадскіх аўтамагістраляў — 1335 км (2014 г.). На усходнім і паўднёвым берагах возера Эрхай створаны Зона эканамічнага развіцця Далі і Інавацыйны прамысловы парк Далі, якія прыцягваюць інвестыцыі і прамысловыя рэсурсы з іншых раёнаў Кітая і замежных краін.
Спасылкі
Далі (горад) на Вікісховішчы |
Dali даведнік на сайце Wikivoyage
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.