wd wp Пошук:

Капенгаген

Капенгаген (дацк.: København; «Гавань гандляроў») — горад у Даніі, сталіца краіны. Размяшчаецца на двух астравах: Зеландыя і Амагер.

Насельніцтва горада — каля 0,52 млн чал., з прыгарадамі — больш 1,18 млн чал. Адміністрацыйны цэнтр амта Капенгаген. Галоўны эканамічны і культурны цэнтр краіны. Ваенна-марская база.

Гісторыя

Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак. Біскуп Абсалон пасля пабудовы замка, у 1167 годзе, залажыў тут умацаваны горад. У 1254 г. Капенгаген атрымаў першыя гарадскія прывілеі. У 1416 г. Эрык Памеранскі заваяваў Капенгаген і ў 1433 годзе зрабіў яго сваёй рэзідэнцыяй.

Найбольшага росквіту дасягнуў у XVI—XVII ст. У час Графскай вайны Капенгаген вытрымаў жорсткую аблогу, а ў 1658—1659 гадах па-геройску абараняўся ад шведаў. Моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брытанскім флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813-14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. ХІХ ст.) значны прамысловы цэнтр. У 1940-45 пад нацысцкай акупацыяй.

Архітэктура і планіроўка

У старой частцы Капенгагена захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Галоўныя помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606-34) і будынак біржы (1619-25, архітэктары абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672-77, арх. Л. Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н. Эйгвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733-40, арх. Э. Д. Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х. К. Хансенам у 1800-20, Т. Ёргенсенам у 1907-22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839-48, арх. Г. Бінесбёль, мастак I. Зоне); Капенгагенская ратуша ў стылі нацыянальнага рамантызму (1892—1905, арх. М. Нюрап) і інш.

На месцы старых умацаванняў, ад якіх захавалася толькі цытадэль, разбіты бульвары, да якіх прымыкаюць прадмесці (Вестэрбро, Нерэбро і Эстэрбро), у апошнія гады яны амаль зліліся з горадам. У гаспадарчым дачыненні адно цэлае з горадам складаюць таксама Фрэдэрыксберг на захадзе (46954 жыхара), Утэрслеў на паўночным захадзе (2596 жыхара) і Зундб’ернэ на востраве Амагер (13310 жыхара). Капенгаген ўмацаваны моцнымі марскімі фартамі.

Горад развіваецца ў 5 асноўных кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў ХХ ст.: царква Грунтвіга (1921-40, арх. П. В. Енсен-Клінт і К. Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959-61, арх. А. Якабсен) і інш.

Паркі, у т.л. Каралеўскі (з XVII ст.), батанічны сад (з 1874), заалаічны сад, луна-парк Цівалі. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».

Прамысловасць

У Капенгагене выпускаецда каля 40 % прамысловай прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т.л. вытворчасць суднаў, дызеляў, электра-тэхнічнае і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з XVIII ст., Каралеўская фабрыка фарфору), хімічная прамысловасць.

Культура, адукацыя, навука

У Капенгагене знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і літаратуры (з 1742), акадэмія тэхнічных навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т.л. Капенгагенскі ўніверсітэт (з 1479), вышэйшыя эканамічная і сельскагаспадарчая школы.

Бібліятэкі: Нацыянальная (Каралеўская; з XVII ст.), універсітэта (з 1482), Муніцыпальная і Публічная.

Музеі: Нацыянальны, Каралеўскі марскі, гарадскі, мастацкі і дэкаратыўнага мастацтва, заалагічны, гісторыі тэатра, Гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы антычнага мастацтва, дацкі і французскі жывапіс) і інш.

Тэатры: Народны, «Новы», «Ню Скала», «Гладсакс-тэатр» і інш.

Транспарт

Міжнародны аэрапорт Каструп. Порт у праліве Эрэсун. Аўтамабільным і чыгуначным паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Капенгагенскі метрапалітэн.

Турызм

Капенгаген — цэнтр міжнароднага турызму.

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Гл. таксама

Літаратура

  • Bruun, «Kjøbenhavn, en illustreret Skildring af dets Historie etc.» (1884 и сл.)
  • Nielsen, «Kjøbenhavn under Kong Frederik IV» (1892);
  • Jonas, «Kopenhagen und Umgebungen» (Б., 1893).
  • Trap, «Historisk-topografisk Beskrivelse af Danmark» (K., 1879);
  • Salmonen, «Kopenhagen und Umgegend» (1883);
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be