Квета
Кве́та (англ.: Quetta, урду: کوئٹہ, белудж.: کویته, пушту:کوېټه) — найбуйнейшы горад і адміністрацыйны цэнтр пакістанскай правінцыі Белуджыстан. Насельніцтва (2010 г.) - 896 090 чал.
Гісторыя
Квета ўзгадваецца як горная крэпасць, пабудаваная брагуйскай дынастыяй, што кіравала ў XVIII - XIX стст. Усходнім Белуджыстанам, з 1730 г., хаця мясцовасць з такой назвай была вядома значна раней. Сама назва горада азначае “ўмацаванне”.
У 1876 г. Квета перайшла пад кантроль брытанцаў, якія ўтрымлівалі тут буйны гарнізон. У раён Кветы перасяляліся выхадцы з іншых раёнаў Белуджыстана і суседняга Афганістана. 31 мая 1935 г. страшэнны землятрус зруйнаваў большую частку горада. Загінула каля 40 тысяч жыхароў. Яшчэ адзін разбуральны землятрус адбыўся 29 кастрычніка 2008 г.
У 1947 г. Квета ўвайшла ў склад Пакістана. У 1971 г. набыла статус адміністрацыйнага цэнтра правінцыі Белуджыстан.
Геаграфія і клімат
Горад Квета месціцца ў горнай мясцовасці на поўначы Белуджыстана. Вышыня цэнтру ў раёне чыгуначнай станцыі дасягае 1680 м над узроўнем мора. Захоўваецца сталая сейсмічная небяспека. Найбольш разбуральныя землятрусы адбыліся 31 мая 1935 г. і 29 кастрычніка 2008 г.
Квету часам называюць садам Белуджыстана з-за спрыяльных прыродных умоў у параўнанні з астатняй засушлівай тэрыторыяй гэтай правінцыі. У 20 км на паўднёвы захад ад горада знаходзіцца нацыянальны парк Хазарганджы-Чылтан (132 км²).
Клімат умераны, характэрны для горнай мясцовасці з перападамі вышынь. У ліпені сярэдняя тэмпература вагаецца ад 19,9 °C да 35,9 °C, у студзені — ад −3,4 °C да 10,8 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 260,9 мм.
Інфраструктура
Акруга Кветы мае агульную плошчу 2653 км², але большая яе частка занята сельскагаспадарчымі або папросту незанятымі землямі. Праз горад праходзіць аўтамагістраль, якая злучае краіны Паўднёвай Азіі з Афганістанам. Ёсць чыгуначная станцыя і аэрапорт. У 1905 г. было заснавана мясцовае ваеннае вучылішча, якое дае ў тым ліку вышэйшую адукацыю. З 1974 г. працуе ўніверсітэт Белуджыстана. Налічваецца некалькі спартыўных клубаў (футбол, крыкет, хакей і інш.). Нацыянальны стадыён Аюб, пабудаваны для правядзення футбольных і крыкетных спаборніцтваў, умяшчае да 75 тысяч чал.
Эканоміка
Традыцыйна важнымі галінамі гарадской эканомікі з’яўляюцца гандаль і транспарт. У Квеце размешчаны прадпрыемствы па першаснай перапрацоўцы хрому, кансерваванню садавіны і гародніны, вытворчасці дываноў і г. д.
Спасылкі
- Афіцыйны сайт правінцыі Белуджыстан Архівавана 26 кастрычніка 2017.
- Даведнік для вандроўніка
Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.