wd wp Пошук:

Кладна

Кла́дна (чэшск.: Kladno) — найбольш буйны горад Сярэднячэшскага края Чэхіі, муніцыпалітэт з пашыранымі паўнамоцтвамі і адміністрацыйны цэнтр аднайменнага раёна.

Насельніцтва складае — 71,6 тыс. жыхароў (станам на пачатак 2008).

Геаграфія

Горад размешчаны за 25 км на паўночны захад ад цэнтра Прагі.

Гісторыя

Першая згадка пра Кладна датуецца XIV ст., у 1561 Кладна атрымаў правы мястэчка, што дазволіла яму праводзіць кірмашы, аднак на працягу амаль 400 гадоў заставаўся невялікім паселішчам: яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя колькасць жыхароў не перавышала 500 чалавек. Насельніцтва займалася, галоўным чынам, сельскай гаспадаркай, а таксама валкай лесу і вытворчасцю драўнянага вуглю з наступным іх збытам у Празе; з гэтай мэтай паміж гарадамі была пабудавана (1830) адна з першых на кантыненце конна-чыгунак.

Сапраўдны росквіт горада пачынаецца толькі з сярэдзіны XIX ст. Кладна — гістарычны цэнтр чэшскай цяжкай прамысловасці. Паклады высакаякаснага каменнага вуглю выяўлены тут у 1842 годзе, праз некалькі гадоў была пабудавана першая шахта, першая даменная печ пабудавана ў 1855 годзе. Горад з’яўляецца цэнтрам Кладненскага каменнавугальнага басейна, які быў сыравіннай базай Пражскага прамысловага раёна. Асновай прамысловасці быў металургічны камбінат Poldi (у часы сацыялістычнага рэжыму які зваўся SONP — «Нацыянальнае прадпрыемства Сярэднячэшскі сталеліцейны завод»), а таксама заводы металургічнага і горнага машынабудавання. Спецыфіка эканомікі была прычынай таго, што Кладна з’яўляўся адным з месцаў зараджэння чэшскага рабочага, сацыял-дэмакратычнага, а затым і камуністычнага руху.

З распадам СЭУ і падзеннем сацыялістычнага рэжыму ў Чэхіі цяжкая індустрыя Кладна прыйшла ў заняпад, няўдала прыватызаваная кампанія Poldi ў 19971998 гг. апынулася на грані банкруцтва, шэраг металургічных і горназдабыўных прадпрыемстваў быў закрыты, у выніку чаго ўзровень беспрацоўя ў 1999 дасягнуў 11 %. Разам з тым энергічныя меры па прыцягненні замежных інвестараў дазволілі ўжо да 2005 года выправіць становішча. У наш час у Кладна размешчаны вытворчасці такіх буйных кампаній як LEGO (цацкі; адзіны завод у Еўропе па-за межамі Даніі), Sagem (тэлефоны мабільнай сувязі), Showa Aluminium (аўтамабільныя кандыцыянеры), Celestica (друкарскія схемы), Dr. Oetker (харчовыя прадукты, канцэнтраты і дадаткі), Kablo (электрычныя кабелі) і іншыя. Металургічная вытворчасць рэканструявана і працуе, галоўным чынам, па індывідуальных заказах, вырабляючы дробнасерыйную, але высакаякасную прадукцыю (напрыклад, стальныя хірургічныя інструменты ці валы суднавых рухавікоў і турбін).

Горад мае сетку аўтобусных ліній і звязаны аўтастрадай і чыгункай з Прагай. У наш час вядуцца падрыхтоўчыя працы па будаўніцтве лініі хуткаснага трамвая, які звяжа Кладна з аэрапортам Рузыне (Ruzyně) і цэнтрам Прагі.

Спорт

У горадзе ёсць два зімовыя стадыёны, футбольны стадыён, крыты басейн з аквапаркам, лёгкаатлетычны манеж і мноства спартыўных зал, пляцовак і тэнісных кортаў. Хакейная каманда Poldi (SONP) у мінулым — шматразовы чэмпіён ЧССР, у якой гулялі такія зоркі як Ф. Поспішыл, М. Нові і адзін з лепшых хакеістаў у гісторыі Я. Ягр.

Славутасці

Да славутасцей Кладну адносяцца барочны замак XVIII стагоддзя (цяпер краязнаўчы музей), ратуша, чумны слуп, у наваколлях — руіны гарадзішча Будач (чэшск.: Budeč, IX—X стст.) з ратондай Святых Пятра і Паўла (каля 895 г., лічыцца найстарэйшым з захаваных каменных збудаванняў на тэрыторыі Чэхіі), нацыянальны помнік антыфашысцкаму супраціўленню ў Лідзіцах (чэшск.: Lidice), этнаграфічны музей (скансен) у Тржэбізе (чэшск.: Třebíz). У апошнія гады гістарычны гарадскі цэнтр, які падвергся дэградацыі пры ранейшым рэжыме, практычна цалкам адноўлены. Гонарам Кладна з’яўляецца Сярэднячэшскі тэатр з амаль стагадовай традыцыяй і галерэя замка.

Вядомыя асобы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be