Лан (горад)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лан.
Лан (састарэлая перадача Лаон, фр.: Laon) — галоўны горад французскага дэпартамента Эна ў Пікардыі.
Старая частка горада размешчана на ўзгорку вышынёй 188 м, ля падножжа якога распасціраюцца новыя гарадскія кварталы з прамысловымі прадпрыемствамі і вакзалам.
Гісторыя
Размяшчэнне гальскага паселішча на вяршыні натуральнага ўзвышэння заахвоціла рымлян умацаваць гэта месца, даўшы яму назву Laudunum.
У V стагоддзі святы Рэмігій, з’яўляючыся мясцовым выхадцам, прызначыў Лан рэзідэнцыяй аднаго з падначаленых яму біскупаў. Тут нарадзілася Бертрада, маці Карла Вялікага. Іхныя нашчадкі яшчэ больш узвялічылі горад, зрабіўшы яго адным з галоўных цэнтраў палітычнага жыцця ў франскай дзяржаве. Тут нарадзіліся каралі Францыі Людовік IV і яго сын Лотар III. Толькі з прыходам да ўлады Гуга Капета ў 987 годзе французскія каралі канчаткова зацвердзілі сваю сталіцу ў Парыжы.
Ключавой падзеяй сярэднявечнай гісторыі Лана было паўстанне мяшчан супраць біскупа Годры, падушанае Людовікам VI. Падчас Стагадовай вайны горад неаднаразова пераходзіў з рук у рукі, аднак у ваеннай гісторыі застаўся дзякуючы бітвы пры Лане 1814 года паміж саюзнікамі расійска-прускімі войскамі пад камандаваннем прускага фельдмаршала Гебхарда Блюхера, і французамі пад правадырствам Напалеона. Французы беспаспяхова штурмавалі крэпасць Лана на высокім пагорку, а потым адкаціліся пад ударамі Блюхера.
Падчас Франка-прускай вайны ў 1870 годзе нейкі інжынер падарваў парахавы склад, загубіўшы 500 мяшчан і пашкодзіўшы сцяну сабора; ніжні горад моцна пацярпеў ад бамбардзіровак на зыходзе Другой сусветнай вайны.
Славутасці
Галоўнай гарадской славутасцю ва ўсе часы быў сабор Нотр-Дам — адзін з найбольш дасканалых узораў паўночнафранцузскага гатычнага стылю. Ён быў пабудаваны ў XII стагоддзі, дабудоўваўся ў 1205—1215 гадах. Да таго ж часу належаць будынак суседняга манастыра і царква Святога Марціна. Вялікая падземная зала ў гатычным стылі цяпер прыстасавана пад шпіталь. У гарадскім музеі выстаўлены рэдкія сярэднявечныя рэчы і карціны братоў Ленен — ураджэнцаў Лана. У двары музея размяшчаецца капліца, выбудаваная ў XII стагоддзі тампліерамі. На адной з плошчаў стаіць помнік яшчэ аднаму ланцу — Жаку Маркету, які першым з еўрапейцаў наведаў вярхоўі ракі Місісіпі.
Вядомыя асобы
- Ангеран Картон (каля 1415 — каля 1466) — французскі мастак авіньёнскай школы.
Гарады-пабрацімы
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лан (горад)
- Афіцыйны сайт горада
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.