Ловеч
Ло́веч (балг.: Ловеч) — горад у паўночнай частцы цэнтральнай Балгарыі з насельніцтвам каля 40 000 чалавек. Ловеч з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Ловецкай вобласці.
Геаграфія
Ловеч знаходзіцца на мяжы Дунайскай пагорыстай раўніны і перадгор’яў Балканскіх гор на поўначы Балгарыі, за 150 км на захад ад Сафіі, за 30 км на поўнач ад Траяна і за 30 км на поўдзень ад Плевена. Горад размешчаны на абодвух берагах ракі Осым. Усходнюю частку горада атачае 250-метровае плато, вышэйшы пункт якога — гара Стратэш. Паўднёва-заходнюю частку горада атачаюць узгоркі Хісара і Баш Бунар. На паўночным захадзе рэльеф паступова пераходзіць у раўніны суседняй вобласці Плевен. Сярэдняя вышыня Ловеча над узроўнем мора складае каля 200 м. Вышэйшы пункт у горадзе — узгорак Акбаір, вышыня якога складае 450 м.
У Ловечы шмат маляўнічых паркаў і месцаў адпачынку. У парку Стратэш вялікая колькасць кустоў бэзу, цвіценне якіх увесну лёгка можна заўважыць з любой кропкі горада. З-за гэтага Ловеч таксама называюць горадам бэзу.
Гісторыя
Старажытная гісторыя
Ловеч — адзін з найстарэйшых гарадоў Балгарыі. Першым жыхаром горада было фракійскае племя мельдаў, сляды знаходжання якіх адносяцца да 4-3 стагоддзям да н.э. У наваколлях Ловеча яны стварылі сваю сталіцу — горад Мельта.
Пазней, калі Балканы захапіла Рымская імперыя, побач з сучасным горадам быў заснаваны ваенны гарнізон Прэзідыум, які займаў важную стратэгічную пазіцыю на адной з галоўных рымскіх дарог.
Сярэднявечча
У былой рымскай крэпасці Хісара ў 1187 быў заключаны мірны дагавор паміж Балгарыяй і Візантыяй, і была афіцыйна абвешчана незалежнасць Балгарыі. У XII стагоддзі Ловеч быў буйным гандлёвым цэнтрам і адным з самых вядомых гарадоў Балгарыі.
Турэцкае нашэсце ў сярэдзіне XIV стагоддзя не абыйшло бокам Ловеч, апошняй, у 1446, была захоплена крэпасць Хісара, хоць яшчэ доўгі час у горада заставаліся такія прывілеі, як забарона туркам сяліцца ў горадзе і браць балгарскіх дзяцей у янычары.
Асманскі перыяд
У XVI—XVII стст. Ловеч ізноў стаў важным гандлёвым цэнтрам і адным з найбагацейшых гарадоў Балгарыі, за што горад у 1520 г. называлі Алтан Ловеч (Залаты Ловеч).
1784 год — найбольш цяжкі год у гісторыі горада, тады ён быў амаль цалкам спалены і разбураны турэцкай арміяй. З 20000 гараджан тады ацалелі толькі 4600.
17 кастрычніка 1810 года (ст. ст.), падчас Руска-турэцкай вайны 1806—1812, атрад генерала Міхаіла Варанцова Дунайскай арміі генерала Мікалая Каменскага узяў Ловеч. Пасля гэтага туркі зноў занялі горад і ўмацаваліся 15 тыс. арміяй Асмана-бея. М. Каменскі загадаў атраду ген.-маёра гр. Сен-Пры зноў узяць горад, што і было выканана 31 студзеня 1811 года (ст. ст.). Аперацыя перашкодзіла вялікаму везіру Ахмету-бею наступіць у заходнюю Балгарыю. Рускія ў тым жа 1811 годзе вярнуліся назад да Дуная і туркі абрабавалі горад.
У часы стварэння рэвалюцыйных арганізацый, якія змагаліся супраць валадарства Асманскай імперыі, Ловеч стаў цэнтрам аперацый Унутранай рэвалюцыйнай арганізацыі Васіля Леўскага пад назвай Тайны Рэвалюцыйны камітэт. Леўскі быў схоплены ў адной з вёсак пад Ловечам і пазней павешаны ў Сафіі. У старой частцы горада знаходзіцца музей Васіля Леўскі.
У 1872—1874 быў пабудаваны знакаміты Пакрыты мост праз раку Осым. Мост згарэў у 1925, але быў адбудаваны ў 1931.
Падчас Руска-турэцкай вайны 1877—1878 рускія два разы вызвалялі горад: 5 ліпеня 1877 года (ст. ст.) і канчаткова 22 жніўня 1877 года.
Дэмаграфія
|
Гарады-пабрацімы
Зноскі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ловеч
- Статыстыка насельніцтва
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.