wd wp Пошук:

Маскітавы бераг

Маскі́тавы бе́раг (ісп.: Costa de Mosquitos, англ.: Mosquito Coast) — гістарычная вобласць уздоўж заходняга берага Карыбскага мора на тэрыторыі усходу Нікарагуа і паўднёвага усходу Гандураса. Назва паходзіць ад наймення індзейскага народа міскіта, які стварыў у XVII ст. дзяржаўнае фарміраванне, што развівалася ў пэўныя перыяды пад пратэктаратам Вялікабрытаніі, у складзе Іспанскай каланіяльнай імперыі і ў якасці аўтаномнай рэзервацыі ў складзе Нікарагуа.

Асаблівасці геаграфіі

Малюнак 1825 г.

Маскітавы бераг уяўляе сабою прыбярэжную нізіну паміж нікарагуанскім нагор’ем і Карыбскім морам. Яе шырыня складае каля 60 — 80 км. Яна сфарміравана рэкамі, што бяруць пачатак на нагор’і і выносяць мноства пяску, друзу і гліны. Воды Карыбскага мора ўздоўж Маскітавага берага маюць брудна-карычневы колер з-за пясчана-глінянай завісі. У вусцях рэк утвораюцца водмелі, ад мора адлучаюцца плыткія лагуны. Асадкавыя наносы і каралавыя рыфы ствараюць небяспечныя для мараплаўцаў банкі з нізкімі астраўкамі. Найбольш вядомыя з іх — Міскітас, Корн і Каёс-Перлас.

Для Маскітавага берага характэрны вільготны трапічны клімат з сярэдняй тэмпературай +25,8° C. Колькасць ападкаў перавышае 4000 мм у год. Важную ролю адыгрываюць сталыя пасаты, якія нясуць вільгаць з Карыбскага мора і жывяць мясцовыя рэкі.

Нават у нашы дні значная частка Маскітавага берага пакрыта трапічнымі лясамі. Пласт глебы тонкі, вельмі вышчалачаны. Аднак дзякуючы спалучэнню высокіх тэмператур і вільготнасці рэшткі раслін і жывёл хутка дэградуюць і жывяць наступныя пакаленні. Такім чынам дасягаецца высокая біялагічная разнастайнасць.

Гісторыя

Хрыстафор Калумб адкрыў усходняе ўзбярэжжа Нікарагуа ў 1502 г. На працягу XVI ст. іспанскія ўлады некалькі разоў выдавалі дазвол прыватным асобам на падпарадкаванне гэтай тэрыторыі, аднак адсутнасць каштоўных рэсурсаў не спрыяла каланізацыі. Місіянерскія захады, накіраваныя на распаўсюджванне сярод абарыгенаў хрысціянства, рабіў ордэн францысканцаў, але і яны не мелі асаблівага поспеху. Іспанцы падзялялі тэрыторыю Маскітавага берага на 2 буйныя раёны — Тагузгальпа на поўначы і Талагальпа на поўдні. Згодна сведчанням іспанцаў, яны былі населены 30 рознымі плямёнамі індзейцаў.

Агульная назва Маскітавы бераг узнікла ў XVII ст., калі англійскія пурытане заснавалі ў 1629 г. калонію на востраве Правідэнсія і ўсталявалі кантакты з мацерыковымі тубыльцамі. Яны паведамлялі пра існаванне каралеўства міскіта. Каля 1638 г. сын караля міскіта нават наведаў Англію і атрымаў абяцанне на абарону сваёй дзяржавы ад іспанцаў.

У 1641 г. пурытанская калонія на востраве Правідэнсія была ліквідавана. Кантакты паміж міскіта і англічанамі ўзнавіліся пасля заваявання апошнімі Ямайкі ў 1655 г. Кароль міскіта Олдмэн зноў наведаў Англію і сустрэўся з Карлам II. Яго візіт не быў сур’ёзна ўспрыняты прыдворнымі, але садзейнічаў развіццю ганлёвых і ваенных сувязяў паміж Ямайкай і Маскітавым берагам. У 1687 г. каралём міскіта стаў яго сын Джэрамі I, таксама прыхільны да англійскіх гандляроў і піратаў.

На мяжы XVII ст. і XVIII ст. уладу на Маскітавым беразе захапілі чарнаскурыя самба. Яны стваралі ваенныя атрады, якія рабілі напады на іспанскія паселішчы, захопленых у палон прадавалі ямайскім плантатарам у рабства, аказвалі дапамогу у барацьбе ямайскіх плантатараў супраць марунаў (гл. Гісторыя Ямайкі). У 1740 г. падчас чарговай вайны паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй Роберт Ходжсан, прадстаўнік губернатара Ямайкі, упэўніў караля самба Эдуарда I падпісаць дагавор аб брытанскім пратэктараце. У 1742 г. Эдуард II даў дазвол брытанскім каланістам сяліцца на тэрыторыі яго краіны. Усяго перасялілася некалькі сотняў плантатараў, якія прывезлі неграў-рабоў. Яны займаліся вырошчваннем цукровага трыснёга, бавоўніка і тытуня, здабывалі каштоўную драўніну. Міскіта ахоўвалі плантацыі і аказвалі перасяленцам ваенную дапамогу, за што атрымоўвалі штодрыя падарункі ў выглядзе зброі і гандлёвых тавараў.

У 1786 г. Вялікабрытанія, саслабленая Амерыканскай рэвалюцыяй, была вымушана саступіць пратэктарат Іспаніі. Міскіта і брытанскія плантатары, што вырашылі застацца на Маскітавым беразе, павінны былі прысягнуцца іспанскай манархіі. Фармальна далучаныя да іспанскай каланіяльнай імперыі тэрыторыі былі часткай генерал-капітанства Гватэмала, але рэчаіснае кіраванне адбывалася з Новай Гранады. Каб прыцягнуць да сябе мясцовае насельніцтва, іспанцы арганізоўвалі каталіцкія місіі, працягвалі палітыку подкупу падарункамі каралёў міскіта. Аднак 4 верасня 1800 г. Георг II, кароль міскіта, абвясціў Іспаніі вайну і захапіў Блуфілдс. Ён быў атручаны сваім братам Стывенам, прыхільнікам Іспаніі. Паміж Стывенам і Георгам Фрэдэрыкам Аўгустам I, сынам Георга II, якога падтрымалі плантатары Брытанскага Гандураса і Ямайкі, пачалася вайна. У 1816 г. Георг Фрэдэрык Аўгуст I быў афіцыйна каранаваны ў Брытанскім Гандурасе. Войны іспанскіх калоній за незалежнасць фактычна ліквідавалі прысутнасць іспанцаў на Маскітавым беразе. У 1837 г. Вялікабрытанія афіцыйна прызнала Маскітавы бераг як незалежную дзяржаву.

Акварэль з Блуфілдса, 1845 г.

У 1844 г., калі пасля смерці караля міскіта краіна зноў апынулася на мяжы грамадзянскай вайны, Вялікабрытанія абвясціла аб усталяванні пратэктарата над Маскітавым берагам. Хаця ўлада манархаў міскіта захавалася, галоўную ролю ў кіраванні атрымаў брытанскі консул. Брытанскія каланіяльныя ўлады заахвочвалі перасяленне з іншых калоній Вест-Індыі, у тым ліку былых чарнаскурых рабоў, якія актыўна супрацоўнічалі з брытанскай адміністрацыяй і часцяком аказваліся ў лепшым сацыяльным стане, чым карэнныя жыхары. Развіццю эканомікі садзейнічаў хуткі рост коштаў на драўніну, што здабывалі ў мясцовых лясах. Галоўным адміністрацыйным цэнтрам пратэктарата стаў Блуфілдс.

Пашырэнне брытанскіх каланіяльных валоданняў у Цэнтральнай Амерыцы выклікала незадаволенасць з боку незалежных Гандураса і Нікарагуа. Яны атрымалі падтрымку з боку ЗША. Шэраг інцыдэнтаў паміж ЗША і Вялікабрытаніяй у Карыбскім моры схіліў брытанскую грамадскую думку пайсці на саступкі. 28 студзеня 1860 г. Вялікабрытанія падпісала ў Манагуа дагавор, згодна якому Маскітавы бераг перадаваўся ў валоданне Нікарагуа. У 1869 г. міжнародны суд прызнаў паўночную частку Маскітавага берага тэрыторыяй, падначаленай Гандурасу.

У 1861 г. улады Нікарагуа прызналі каралеўства Міскіта ў якасці аўтаномнай рэзервацыі. Аднак яе плошча была скарочана землямі вакол Блуфілдса, а кароль названы вярхоўным правадыром. Яго ўладу абмяжоўвала Кансультацыйная рада. У 1865 г. Нікарагуа не прызнала вярхоўнага правадыра Вільяма Генры Кларанса, выбранага без удзелу нікарагуанскага прадстаўніка. Вільям Генры Кларанс звярнуўся за дапамогай да Вялікабрытаніі. Нікарагуа і Вялікабрытанія дамовіліся аб арбітражы Франца Іосіфа I. У 1881 г. ён прызнаў аўтаномію міскіта, у тым ліку права на фінансавую і падатковую самастойнасць. За Нікарагуа прызнаваліся правы паднімаць свой сцяг, мець афіцыйнага прадстаўніка ў рэзервацыі, але гэта дзяржава павінна была выплаціць кампенсацыю міскіта за скарачэнне іх тэрыторый.

12 лютага 1894 г. нікарагуанскія ваенныя сілы на чале Рыгаберта Кабесаса ўварваліся ў рэзервацыю і зрынулі ўладу Вільяма Генры Кларанса. У ліпені Блуфілдс быў акупаваны амерыканцамі, якія фармальна ўзнавілі аўтаномію. Аднак акупацыя доўжылася толькі 1 месяц. Пасля зыходу амерыканскіх ваенных нікарагуанцы зноў захапілі землі міскіта і 20 лістапада 1894 г. абвясцілі іх часткай сваёй дзяржавы.

Пасля ліквідацыі рэзервацыі міскіта захоўвалі апазіцыю ў дачыненні да нікарагуанскіх уладаў. У 1987 г. Нікарагуа была вымушана прызнаць аўтаномію рэгіёнаў Атлантыка-Нортэ і Атлантыка-Сур.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя калоніі Іспаніі Катэгорыя·Былыя калоніі Вялікабрытаніі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be