wd wp Пошук:

Паган (горад)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Паган.

Паган, або Баган (бірм.: ပုဂံ) — горад у цэнтральнай М’янме, адметны гістарычнымі каштоўнасцямі. У 2019 г. быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Геаграфія

Паган месціцца на левым беразе ракі Іравадзі за 145 км на паўднёвы ўсход ад Мандалая, у склад рэгіёна якога ўваходзіць. Наваколле ўяўляе сабою сухую раўніну з рэдкімі ўзвышшамі. Тым не меней, раён вакол Пагана — актыўная сейсмічная зона з частымі землятрусамі.

Клімат трапічны з сезонным ваганнем тэмператур ад +23°C да +32°C. З ліпеня да кастрычніка працягваецца вільготны сезон мусонаў.

Гісторыя

Паган быў заснаваны ў II ст. і пераўтварыўся ў важны палітычны цэнтр пасля 849 г., калі яго валадаром стаў П’інб’я Мінта. Яго праўнук Анаўрахта Мінсаў заснаваў вялікую імперыю. У гады дамінавання Паганскай дзяржавы горад хутка павялічваўся і стаў асяроддзем будысцкага дойлідства. За 250 гадоў мясцовыя насельнікі ўзвялі болей за 10 тысяч культавых помнікаў. Тут жылі і працавалі манахі і філосафы не толькі з тэрыторыі М’янмы, але таксама Індыі, Камбоджы і Шры-Ланкі.

У другой палове XIII ст. Паганская дзяржава была разбурана ў выніку нашэсцяў манголаў. Сам горад не пацярпеў, аднак большасць жыхароў пакінула яго. У наступныя стагоддзі ён заставаўся цэнтрам пілігрымак. Тут нават працягвалі будаваць новыя храмы і ступы, але ўжо без папярэдняга размаху.

У нашы дні Паган з’яўляецца асноўнай славутай мясцінай М’янмы. Асноўная галіна эканомікі — сфера абслугоўвання, асабліва гандаль і турызм. У горадзе працуе некалькі прадпрыемстваў па вытворчасці сувеніраў і будаўнічых матэрыялаў.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be