Пасадэна (Каліфорнія)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Пасадэна. Пасадэна, таксама Пасадына (англ.: Pasadena [ˌpæsəˈdiːnə)]) — каліфарнійскі горад у акрузе Лос-Анджэлес, прыгарад Лос-Анджэлеса, размешчанага за 19 км на паўночны ўсход. Галоўны цэнтр даліны Сан-Габрыэль, размешчанай ля падножжа аднайменнага горнага кража побач з нацыянальным лесам Анджэлес.
Гісторыя
У 1771 годзе Пасадэна ўваходзіла ў склад зямель каталіцкай місіі архангела Гаўрыіла, якая дала назву даліне і гарам. У 1834 г. мексіканскі губернатар вылучыў частку місіі пад назвай ранча «Сан-Паскуаль» у карыстанне адстаўнога афіцэра Хуана Марынэ.
Паселішча заснаваў у 1874 Томас Эліёт з Індыяны. Назва горада ў перакладзе з мовы аджыбвэ азначае «вянок даліны». Пасёлак ператварыўся з цытрусавых плантацый у папулярны зімовы курорт пасля пабудовы чыгункі на Санта-Фэ.
Навука і адукацыя
Пасадэна — адзін з галоўных адукацыйных цэнтраў ціхаакіянскага ўзбярэжжа: тут размешчаны Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут. Паблізу горада дзейнічае навукова-даследчая лабараторыя НАСА — Лабараторыя рэактыўнага руху. Развіта вытворчасць высокадакладнага абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў электроніцы і авіяцыі.
Акрамя ўніверсітэта, у Пасадэне дзейнічаюць тры каледжы — Pasadena City College (1924), Pacific Oaks College (1945) і Art Center College of Design (1930).
Славутасці
У цэнтры Пасадэны захавалася нямала асабнякоў пачатку XX стагоддзя, адзначаных уплывам руху мастацтваў і рамёстваў. Неафіцыйным сімвалам горада лічыцца пампезная ратуша 1927 года. Дзейнічае некалькі значных музеяў:
- Музей Нортана Саймана, былы Мастацкі музей Пасадэны, — адзін з найбуйнейшых збораў еўрапейскага мастацтва на захадзе Злучаных Штатаў; сярод шэдэўраў калекцыі — «Пасадэнская Мадонна» пэндзля Рафаэля.
- Музей ціхаакіянскай Азіі мае экспанаты, якія апавядаюць аб культуры Усходняй Азіі і Акіяніі (садок у кітайскім стылі, сажалкі з карпамі і г.д.)
- Бібліятэка Хантынгтана ў Сан-Марына паблізу Пасадэны знаходзіцца сярод батанічных садоў, вытрыманых у нацыянальных стылях народаў свету. У галоўным будынку выстаўлены такія шэдэўры еўрапейскага мастацтва, як «Блакітны хлопчык» Т. Гейнсбара і адна з мадоннаў Рогіра.
Літаратура
- Пасадэна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.