Петрапаўлаўск-Камчацкі
Петрапаўлаўск-Камчацкі — горад (з 1812) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Камчацкага края. Размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Камчацкага паўвострава, на берагах Авачынскай бухты Ціхага акіяна. Непадалёк ад горада знаходзяцца вулканы Каракская Сопка і Авачынская Сопка. Насельніцтва 181 015 чалавек (2015). Месца дыслакацыі базы Ціхаакіянскага флоту Расіі.
Гісторыя
Упершыню рускія дабраліся да Камчаткі і, у тым ліку, да Авачынскай бухты, у 1697 г. — гэта былі казакі на чале з Уладзімірам Атласавым, якія заснавалі там астрог. 17 кастрычніка 1740 сюды прычалілі два пакетботы Другой Камчацкай экспедыцыі, якая мела месца ў 1733—1743 гадах, на чале з Вітусам Берынгам і Аляксеем Чырыкавым — дата, якая лічыцца днём заснавання горада. Але заснавальнікам гораду з’яўляецца штурман мічманскага рангу Іван Ялагін, які па загадзе Берынга прыбыў у Авачынскую бухту 10 чэрвеня 1739 і заснаваў там расійскае пасяленне. Назву Петрапаўлаўскі астрог атрымаў пазней ад імёнаў караблёў-пакетботаў «Святы апостал Пётр» і «Святы апостал Павел».
У 1924 горад быў пераназваны ў Петрапаўлаўск-Камчацкі, каб адрозніваць яго ад Петрапаўлаўску ў Казахстане. 1 ліпеня 2007 горад становіцца адміністрацыйным цэнтрам Камчацкага края. 3 лістапада 2011 гораду прысвоена званне Горад воінскай славы.
Насельніцтва
Станам на 1 студзеня 2015 насельніцтва Петрапаўлаўску-Камчацкага складала 181 015 чалавек — 104 месца сярод 1114 гарадоў Расіі. Найбольшая колькасць насельніцтва ў горадзе была зафіксавана ў 1989 годзе — 268 743 чалавек, пасля чаго да 2010 года насельніцтва горада пастаянна памяншалася, і толькі з 2011 зноў назіраўся невялічкі прырост (179800 чал.), які аднак, усё яшчэ чаргуецца з памяншэннем.
Паводле перапісу 2010 г., найбольш прадстаўнічымі нацыяльнасцямі сярод жыхароў гораду з’яўляюцца рускія — 142 361 чал. (79,19 %), украінцы — 6 399 чел. (3,56 %), татары — 1 341 чел. (0,75 %) і беларусы — 1 064 чел. (0,59 %). Пражываюць у горадзе і прадстаўнікі шэрагу іншых нацыянальнасцей: азербайджанцы, карэйцы, армяне, каракі, ітэльмены, немцы і інш.
Славутасці
- Камчацкі дзяржаўны аб’яднаны музей
- Камчацкі краявы мастацкі музей
- Музей ласося
- Помнік Вітусу Берынгу (1826)
- Магіла англійскага мараплаўцы Чарльза Кларка (1913)
- Помнік Жану-Франсуа Лаперузу (1892)
Па-за горадам
- Даліна гейзераў
- Вулканы (Казельскі, Авачынская Сопка, Каракская Сопка)
Вядомыя асобы
- Руслан Алегавіч Есін (нар. 1969) — беларускі дыпламат.
- Анатоль Магілёў (нар. 1955) — украінскі палітык.
- Ігар Мікалаевіч Смірноў (нар. 1941) — прэзідэнт Прыднястроўя ў 1992—2011 гадах.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Петрапаўлаўск-Камчацкі
- Камчацкі форум Архівавана 22 красавіка 2016.
- Фатаграфіі Камчаткі Архівавана 22 красавіка 2016.
- Фатаграфіі Камчаткі, Петрапаўлаўска-Камчацкага
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.