Пскоў
Пскоў (руск.: Псков) — горад (з 903 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 194,9 тыс. чалавек (2005). Упершыню згадваецца пад 903 годам.
Горад размешчаны на рацэ Вялікай (упадае ў Пскоўскае возера) пры зліцці яе з Пскавой.
Геаграфія
Клімат
Клімат Пскоў | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 11,0 | 11,3 | 18,5 | 27,6 | 32,0 | 33,6 | 35,0 | 34,6 | 30,3 | 22,6 | 14,1 | 12,4 | |
Сярэдні максімум, °C | −3 | −2,3 | 2,9 | 11,3 | 18,0 | 21,3 | 23,6 | 21,8 | 16,0 | 9,2 | 2,5 | −1 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,6 | −5,5 | −1 | 6,3 | 12,3 | 16,0 | 18,3 | 16,7 | 11,6 | 6,0 | 0,3 | −3,4 | |
Сярэдні мінімум, °C | −8,3 | −8,8 | −4,9 | 1,3 | 6,5 | 10,6 | 13,0 | 11,6 | 7,2 | 2,7 | −1,9 | −5,8 | |
Абсалютны мінімум, °C | −34,9 | −35,3 | −29 | −14,7 | −4,5 | 0,4 | 3,1 | 1,4 | −3,6 | −12,5 | −23 | −28,2 | |
Норма ападкаў, мм | 48,0 | 35,2 | 35,4 | 34,7 | 54,8 | 87,1 | 75,6 | 90,6 | 65,6 | 62,1 | 53,4 | 47,0 | |
Крыніца: Климат, погода г. Псков |
Гісторыя
Упершыню ў летапісе згадваецца пад 903 годам. З Х стагоддзя ў складзе Кіеўскай Русі, а з ХІІ ст. належыў Наўгародскай дзяржаве. У 1240 годзе горад захапілі крыжакі, але ў 1242 годзе яго вызвалілі войскі наўгародскага князя Аляксандра Неўскага.
Самай старажытнай часткай горада з’яўляецца дзядзінец, што спачатку меў драўляныя, а потым (з ХІІІ ст.) каменныя ўмацаванні і атрымаў назву Пскоўскі Крэмль, альбо Кром. У плане гэта неправільны шматграннік, абнесены каменнымі сценамі з вежамі, якія складзены з вапняковых пліт шэрага колеру. Найбольш вядомыя вежы маюць назвы Куцякрома (1400) і Смердзя. У сярэдзіне ХІІІ ст. зрабілі каменную паўднёвую частку сцяны Крома, т. зв. Першы ці Персі. Сцяна выходзіць на р. Вялікая, адкуль пачынаюцца ўмацаванні іншых гарадскіх кварталаў.
З ХІІІ ст. да Крома прыбудаваны яшчэ адзін умацаваны гарадскі квартал, які атрымаў назву Даўмонтаў горад. На працягу ХІV-ХV ст. тут узвялі шэсць каменных храмаў і каменныя палаты. Археолагі знайшлі рэшткі гэтых будынкаў, а таксама сляды старажытных вуліц, вымашчаных драўлянымі плахамі на лагах. Быў знойдзены і драўляны вадаправод у выглядзе труб, што складаліся з двух жолабаў, абгорнутых бяростай.
У 1309 годзе ўзводзяць трэцяе кола гарадскіх сцен і з’яўляецца ўмацаваны «Сярэдні горад». У кан. ХІV — пач. ХV ст. гарадскія сцены дабудавалі і павялічылі іх таўшчыню да 4 метраў, а таксама зрабілі 6 вежаў з байніцамі. У другой палове ХІV ст. узводзіцца новы каменны сабор св. Троіцы, 20 каменных храмаў у розных частках горада і чацвёртае кола гарадскіх сцен, абнесенае глыбокім ірвом. Асобны раён горада называўся Запскоўскім і знаходзіўся на другім беразе рэчкі Пскавы.
У канцы ХІІ ст. за рэчкай Вялікай, на адлегласці 1,5 км ад дзядзінца, быў узведзены першы мураваны Спаса-Міражскі сабор. Храм быў зроблены ў тэхніцы мяшанай муроўкі, дзе чаргаваліся рады тонкай цэглы — плінфы і каменных пліт. Сабор быў распісаны ўнікальнымі фрэскамі. Яшчэ адзін прыгожы сабор Нараджэння Багародзіцы быў узведзены ў 1310 ў Снетагорскім манастыры. Храм быў складзены з каменнай пліты і меў шыкоўны фрэскавы роспіс.
З ХІV ст. склалася самастойная пскоўская будаўнічая школа. Пскоўскія дойліды стварылі аднакупальную, трохапсідную кубічную кампазіцыю храма, а таксама асобны тып бесслуповага храма з сістэмай прыступкавых скляпенняў. Плоскія пабеленыя сцены падзялялі плоскімі лапаткамі на тры часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні храма. У якасці прыкладу можна прывесці царкву Успення ў Мялетаве (1463). Адной з адметных рысаў пскоўскай школы былі высокія шматпралётныя званіцы.
Пазней, у ХVІ—ХVІІ стагоддзях у Пскове будавалі вялікія, у некалькі паверхаў, купецкія дамы з тоўстымі сценамі. У сценах былі лесвіцы, пераходы, нішы і схованкі. Аконныя праёмы рабіліся ў выглядзе амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. З боку двара быў высокі ганак на шырокіх слупах з аркамі (да прыкладу — палаты Паганкіных, збудаваныя каля 1645). Пскоўскіх дойлідаў запрашалі на працу ў розныя гарады, у тым ліку, і ў Маскву.
У ХІV—ХV ст. расквітнела пскоўская школа жывапісу. Творы маюць павышаную экспрэсію вобразаў, падкрэсленасць блікаў і выразнасць мазка пэндзля (напр., фрэскі сабора Раства Багародзіцы і царквы Успення). Да другой паловы ХІV ст. адносяцца ўнікальныя абразы «Сабор Маці Божай» і «Параскева Пятніца, Варвара і Улляна».
У ХV ст. ўзнікае славуты пскоўска-пячорскі манастыр у мясцовасці Пячора, які меў абароннае значэнне. У 1473 збудавалі першую падземную пячорную Успенскую царкву. У ХVІ ст. вакол манастыра ўзнікае пасад, які абнеслі разам з манастыром каменнай сцяной з 9 вежамі. Уваход ішоў праз Святыя вароты з вежай. У ХVІ ст. у манастыры зрабілі шматпралётную двух’ярусную вежу-званіцу з гадзіннікам. У ХVІ—ХVІІ ст. тут будуюць 4 цэрквы, якія дайшлі да нашых дзён.
У 1465 годзе ўзнікае пятае кола гарадскіх сцен Пскова. Горад дзяліўся на 7 канцоў. За межамі горада з’явіліся рамесныя слабоды. У цэнтрах канцоў альбо слабод пачалі будаваць храмы, якія адначасова былі і складамі зброі.
У XVI ст. гарадскія сцены мелі даўжыню 9 км і 37 вежаў, з якіх вылучалася вежа Грамячая, збудаваная ў 1524 годзе.
Адукацыя
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Мікіта Васільеў (нар. 1992) — расійскі футбаліст.
- Сільвестр Ваявудзкі (1892—1938) — польскі грамадска-палітычны дзеяч.
- Веніямін Аляксандравіч Каверын — пісьменнік.
- Уладзілен Аляксандравіч Кузняцоў (1931—2008) — беларускі вучоны, доктар геолага-мінералагічных навук (1973).
- Павел Віктаравіч Трамповіч — беларускі навуковец і дыпламат.
- Сяргей Юр’евіч Шавялёў — Герой Расійскай Федэрацыі.
Гл. таксама
Зноскі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пскоў
- А. Трусаў. Пскоўская рэспубліка // Наша Слова № 27 (662) 14 ліпеня 2004 Архівавана 20 лістапада 2008.
Катэгорыя·Населеныя пункты Лакнянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Пскоўскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Расіі Катэгорыя·Населеныя пункты еўрапейскай часткі Расіі Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя краіны Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Пскоўскай вобласці Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Расіі Катэгорыя·Раёны Пскоўскай вобласці Катэгорыя·Раёны Расіі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.