wd wp Пошук:

Пізанская рэспубліка

Пізанская рэспубліка (італ.: Repubblica di Pisa) — сярэдневяковая дзяржава з цэнтрам у горадзе Піза.

Гісторыя

У 11 ст. пізанцы паспяхова вялі барацьбу з сарацынамі, у 1016 у саюзе з Генуэзскай рэспублікай адабралі ў іх Сардзінію, у 1035 перамаглі арабаў пры Боне, у Паўночнай Афрыцы, а ў 1063 — у бітве пры Палерма. Пізанцы актыўна ўдзельнічалі ў 1-ым крыжовым паходзе на чале з архібіскупам Дагабертам, будучым іерусалімскім патрыярхам. Па дарозе да Святой Зямлі яны захапілі некалькі візантыйскіх астравоў, затым удзельнічалі ва ўзяцці Іерусаліма (1099). У створаных крыжакамі дзяржавах у Сірыі ім удалося дабіцца для сябе значных гандлёвых палёгак і прывілеяў. Пізанцы стварылі калоніі ў Антыёхіі, Акры, Яфе, Трыпалі і Ціры, мелі ўладанні ў Іерусаліме і Кесарыі, а таксама невялікія калоніі ў Каіры і Александрыі. Візантыйскі імператар Ісаак I Камнін (1057–1059) надаў пізанцам адмысловыя гандлёвыя правы і вызваленне ад падаткаў, узамен яны павінны былі ўдзельнічаць у абароне Канстанцінопаля ў выпадку небяспекі для яго. У 12 ст. насельніцтва пізанскага квартала ва ўсходняй частцы Канстанцінопаля вырасла да 1 тыс. чалавек. У той час Піза была найзначнейшым гандлёвым партнёрам і ваенным саюзнікам Візантыйскай імперыі, пераўзыходзячы ў гэтым нават Венецыянскую рэспубліку. У 1135 ваенныя атрады Пізы захапілі і разбурылі горад Амальфі, свайго галоўнага гандлёвага суперніка ў Паўднёвай Італіі. Аднак зацяжныя войны пізанцаў з генуэзцамі за палітычнае і гандлёвае панаванне аказаліся няўдалымі. Неспрыяльныя змены ў палітычнай сітуацыі ў Італіі і згуба дзяржаў крыжаносцаў на Блізкім Усходзе да кан. 13 ст. істотна аслабілі пазіцыі Пізы ў марскім гандлі, магутнасць яе стала слабець. Новая вайна з Генуяй за Сардзінію і Корсіку, распачатая ў 1282, прывяла Пізанскую рэспубліку да знішчальнага паражэння. Піза згубіла ўвесь свой флот, і ў 1300 саступіла генуэзцам Корсіку, сваю частку Сардзініі, а таксама шэраг уладанняў на кантыненце. З 1398 па 1406 Піза перапрадавалася сваімі часовымі ўладальнікамі спачатку Мілану, а затым Фларэнцыі. З прычыны гэтага, Піза страціла вялікую частку сваіх грамадзян і ператварылася ў нязначнае правінцыйнае мястэчка.

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be