Салават
Салават (руск.: Салават, башк.: Салауат) — горад (з 1954) у Расіі, у складзе Башкартастана. Насельніцтва 157,9 тыс. чал. (2005). Заснаваны ў 1948 годзе.
Горад размешчаны на поўдні Башкартастана, на левым беразе ракі Белай (прыток Камы), за 178 км на поўдзень ад Уфы. Чыгуначная станцыя.
Буйны цэнтр нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці (ААТ «Салаватнафтааргсінтэз», выпускае вадкае паліва, спірты бутылавыя, поліэтылен высокага ціску, азотныя ўгнаенні і г. д.), перапрацоўчая магутнасць комплексу — 11,7 млн тон нафты ў год. Нафтаперапрацоўчы комплекс трубаправодам звязаны з нафтапромысламі Ішымбая, Шкапава, Арлана, з радовішчамі газу (Каргалінскае, Арэнбургская вобласць), газакандэнсату (Карачаганакскае, Казахстан), а таксама з хімічнымі прадпрыемствамі Стэрлітамака. Таксама ў горадзе працуюць заводы «Салаватнафтамаш», аўтарамонтны і вопытна-эксперыментальны па выпуску металаканструкцый. Апроч гэтага, функцыянуе буйны шклозавод (ААТ «Салаватшкло»), заводы жалезабетонных і мінералаватных вырабаў, швейная фабрыка, фабрыкі паляўнічага рыштунка і трыкатажных вырабаў. Харчовыя прадпрыемствы. Электраэнергетыка ў горадзе прадстаўленая Салавацкай (264 МВт) і Новасалавацкай ЦЭЦ (530 МВт).
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.