Сафала

Сафала (Sofala, афіц. Nova Sofala) — гістарычны порт у Мазамбіку, пры ўпадзенні ў Індыйскі акіян ракі Сафалы, ранейшая сталіца аднайменнай правінцыі.
Сафала — найстаражытная вядомая па дакументах гавань Паўднёвага паўшар’я. Яшчэ адзін са спадарожнікаў Васка да Гамы выказаў здагадку, што ў старажытнасці гэты бераг называўся Афірам і менавіта адсюль паходзіла царыца Саўская. У гэтай сувязі згадвае Сафалу ў «Страчаным раі» Джон Мільтан.
Надзейныя звесткі пра існаванне Сафальскай гавані з’яўляюцца ў арабскіх крыніцах VIII стагоддзя. Пачынаючы з 915 года тут гаспадарылі арабы і персы, якія прынеслі ў Паўднёвае паўшар’е іслам. Па рацэ і яе прытокам з глыбінь Афрыканскага кантынента дастаўлялася для продажу арабам золата.
У XIV стагоддзі кантроль за гандлем перайшоў да султана Кілвы, сталіца якога была размешчана далёка на поўначы, на тэрыторыі цяперашняй Танзаніі. У XV стагоддзі Сафала становіцца галоўным портам дзяржавы Манаматапа са сталіцай у Вялікім Зімбабвэ. У 1489 г. Сафалу наведаў першы еўрапеец — партугалец Перу да Кавільян.
У 1505 годзе гаванню авалодалі партугальцы. Тут узнікла першая партугальская калонія на поўдзень ад экватара. З прывазнога каменя еўрапейцы пабудавалі форт і будынак гандлёвай факторыі. У сувязі з інтэнсіўнай высечкай прыбярэжных лясоў гавань Сафалы, якая раней была здольная ўмясціць да сотні суднаў, заглейлася і ператварылася ў пясчаную водмель.
Па гэтай прычыне ў 1890 г. у 20 мілях на поўнач быў заснаваны сучасны порт Бейра, у які перамясціўся не толькі гандаль, але і кіраванне Сафальскай правінцыяй. Пры будаўніцтве Бейры выкарыстоўваўся камень, які вызваліўся пасля зносу старадаўніх будынкаў Сафалы.
Спасылкі
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Былыя калоніі Партугаліі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.