Сёдэртэлье
Сёдэртэлье (шведск.: Södertälje) — горад у Швецыі, на паўднёвы захад ад Стакгольма (фактычна адно з яго аддаленых прадмесцяў). Цэнтр аднайменнай камуны ў лене Стакгольм. Насельніцтва 64 619 (2010).
Гісторыя
Горад упершыню згадваецца ў хроніцы Адама Брэменскага ў 1070 годзе (спачатку ён называўся Тэлье, Tælgia у тагачаснай арфаграфіі; пазней шведск.: Telge) — у гэты час гэта быў ужо важны царкоўны горад. У XVII стагоддзі, дзякуючы герцагу Сёдэрманландскаму Карлу (будучыму каралю Карлу IX), Тэлье становіцца важным гандлёвым і партовым цэнтрам. У 1622, у сувязі з узнікненнем на паўночны ўсход ад Стакгольма горада Нартэлье (шведск.: Norrtälje, даслоўна Паўночнае Тэлье), да назвы гораду было дададзена Söder, т.б. Паўднёвае Тэлье. У пачатку XVIII стагоддзя горад закранула эпідэмія чумы, а ў 1719 трэцяя частка гораду была спалена рускімі (але шэраг важных будынкаў, у т.л. царква Святой Рагнхільды, ацалелі). Пасля гэтых падзей насельніцтва Сёдэртэлье істотна скарацілася і не дасягала і 200 чалавек, але пасля з’яўлення ў горадзе ў 1740-х шэрагу мануфактураў, яно ўжо складала больш за 1 000 чалавек. У 1806—1819 гадах быў пабудаваны Сёдэртэльскі канал, які злучаў возера меларэн з Балтыйскім морам, а ў 1860 чыгунка злучыла Сёдэртэлье са Стакгольмам. Прыкладна ў гэты самы час Сёдэртэлье становіцца папулярным курортам. У пачатку XX стагоддзя ў горадзе размесціліся буйныя фабрыкі і заводы, у т.л. машынабудаўнічыя. У 1950-я гады стары драўляны цэнтр горада быў знесены. Пачынаючы з 1970-х, у сувязі з прамысловым ростам, гораду была патрэбная працоўная сіла, якую пачынаюць вербаваць спачатку ў Норландзе, а потым — у Фінляндыі, Грэцыі, Італіі, Югаславіі. Пазней да іх дадаліся ўцекачы з Сірыі і Ірака, і напачатку XXI стагоддзя 39 % сёдэртэльцаў мелі замежнае паходжанне.
Славутасці
- Царква Святой Рагнхільды (XII ст.)
- Этнаграфічны музей Турэчэльбергет (шведск.: Torekällbergets Museum)
- Музей гораду
- Музей навукі і эксперыментаў Tom Tits Experiment
- Сёдэртэльскі канал
- S/S Ejdern — адзін з найстарэйшых у свеце параходаў
Галерэя
- Царква Святой Рагнхільды
- Стуртор’ет — галоўная плошча горада
- Драўляны будынак на плошчы Турэчэльбергетс торг
- Развадныя масты на Сёдэртэльскім канале
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сёдэртэлье
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.