Харан
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Кары. Харан, або Ка́ры (акад.: Harrânu — «скрыжаванне»; лац.: Carrhae) — старажытны горад у паўночнай Месапатаміі, упершыню згаданы ў хецкіх дакументах з Багазкёя, а затым у Старым Запавеце і асірыйскіх царскіх надпісах. У наш час — адміністрацыйны цэнтр аднайменнага раёна ў турэцкай правінцыі Шанлыўрфа.
Гісторыя
Харан — адзін з найстаражытных гарадоў свету. Не раз згадваецца ў біблейскай кнізе Быццё. Там памёр і быў пахаваны бацька Аўраама Фара (Быццё. 11:32). У гэтай зямлі таксама жыў Лаван, брат Рэвекі (Быццё. 27:43). Зямля Харан мела гандлёвыя зносіны з Цірам (Ез. 27:3) і была заваявана асірыйцамі (4Цар. 19:12).
У апошняй траціне II тысячагоддзя да н.э. Харан быў заваяваны асірыйцамі, якія прасоўваліся на захад, і, стаўшы пры Саргоне II неад’емнай часткай Асірыі, не саступаў па значэнні старажытным асірыйскім гарадам у цэнтральных абласцях краіны.
Горад быў вядомы храмам бога Месяца Сіна, храм якому быў выбудаваны пры вавілонскім цары Набанідзе. З 3-га тысячагоддзя да н.э. і аж да Сярэднявечча Харан быў важным гандлёвым пунктам, да канца VII стагоддзя да н.э. — правінцыйнай сталіцай у Асірыі.
Пад Харанам вавілонскі цар Набапаласар 25 ліпеня 616 да н.э. перамог асірыйскую армію на беразе Еўфрата. У чэрвені 609 да н.э. новы асірыйскі цар Ашур-убаліт разам з фараонам Нехо беспаспяхова паспрабавалі адбіць Харан. З кастрычніка 539 да н.э. Харан увайшоў у склад Ахеменідскай імперыі, а з 323 да н.э. — Селеўкідскай.
Пасля гэтага ў Карах былі паселены ветэраны арміі Аляксандра Македонскага, пазней горад патрапіў пад уладу Парфіі. У перыяд першага непасрэднага кантакту з рымлянамі падчас парфянскай кампаніі Краса ў 53 да н.э. Кары ўваходзілі ў кліенцкае царства Парфіі Асраену, менавіта пры Карах Рым пацярпеў адно з найвялікшых паражэнняў у сваёй гісторыі. У 214 г. Каракала прысвоіў Карам статус калоніі і наведаў іх у красавіку 217, аднак быў там забіты прэфектам прэторыя Макрынам. Кары акружалі старажытныя гарадскія сцены 4 км даўжынёй.
У позняй антычнасці і ў часы Багдадскага халіфата Харан быў цэнтрам сабеізму — рэлігіі, заснаванай на пакланенні зоркам.
У XIII ст. арабскі гісторык Абуэль-Фіда апісвае горад у руінах.
З Султантэпэ, вялікага ўзгорка на раўніне Харана, выняты значны збор літаратурных тэкстаў.
Гл. таксама
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Альхонскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Ашмянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Слаўгарадскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.