Шчырэць
Шчырэць (укр.: Щирець) — пасёлак гарадскога тыпу Пустамытаўскага раёна Львоўскай вобласці (Украіна). Размешчаны на правым беразе ракі Шчыркі, прытоку Днястра, за 7 км ад раённага цэнтра і 25 км на поўдзень ад абласнога цэнтра. Чыгуначная станцыя. Насельніцтва — 5496 жыхароў.
Гісторыя
Праз мястэчка працякае рэчка Шчырэц, некалі глыбакаводная, багатая рыбай. Тады казалі: «рака шчыра на рыбу». Адсюль, паводле адной з версій, і пайшла назва мястэчка.
Шчырэц вядомы з пачатку XII ст. Першае пісьмовае згадванне аб ім адносіцца да 1113 г. У 1126 г. тут было ўжо добра ўмацаванае гарадзішча. Падчас міжусобіцы князь звенігародскі Уладзімір Валадаравіч і пярэмышльскі князь Расціслаў Валадаравіч для высвятлення адносін абралі месцам перамоваў Шчырэц, размешчаны пасярэдзіне паміж іх уладаннямі. Увесну 1241 г. мястэчка было знішчана падчас нашэсця татара-манголаў.
Паколькі на тэрыторыі цяперашняй Драгобыччыны былі выяўленыя вялікія паклады солі, Шчырэц апынуўся на новым саляным шляху, і паступова стаў адраджацца. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца грамата ад 1391 г., у якой напісана: «Ян Тарноўскі, ваявода Сандамірскі і стараста зямлі Рускай дазволіў войту Мацейка заснаваць Шчырэц».
У 1397 г. каралём Ягайла Шчырцу было прадастаўлена магдэбургскае права. У 1423 г. быў заснаваны Шчырэцкі павет, што сведчыць пра рост паселішча. У XVI і XVII ст. наваколлі Шчырца неаднаразова падвяргаліся нападам татарскіх ордаў. Асабліва моцным быў напад ў 1516 г. Горад настолькі пацярпеў, што кароль Жыгімонт і вымушаны быў на 8 гадоў вызваліць мяшчан ад падаткаў.
У 1638 г. у Львоўскім летапісе згадваецца аб вялікім пажары ў мястэчку. Прыкладна ў той жа час яно пачало славіцца вытворчасцю гіпсу і вапны. У 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Шчырэц, які ў той час належаў Патоцкім, разам з усёй Галічыной увайшоў у склад Аўстрыйскай імперыі.
У XIX ст. у сувязі з ростам вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і пашырэннем кар’ераў сюды была пракладзена чыгунка.
Шчырэц сур’ёзна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, у выніку чаго, у міжваенны перыяд страціў сваё значэнне як горада. Падчас Другой сусветнай вайны практычна ўсе габрэйскае насельніцтва мястэчка было вывезена ў лагеры смерці. У красавіку 1944 г. частка польскага насельніцтва была знішчана ў выніку нападу атрадаў АУН-УПА.
Да 1959 г. Шчырэц быў раённым цэнтрам аднайменнага раёна Львоўскай вобласці.
Шчырэць на Вікісховішчы |
Катэгорыя·Населеныя пункты Пустамыціўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Львоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.