Шылува
Шы́лува (літ.: Šiluva, польск.: Szydłowo) — мястэчка ў Літве, у гістарычнай вобласці Жамойці. Цэнтр сянюніі ў Расяйнейскім раёне Каўнаскага павета. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Расяйнея. Насельніцтва — 635 чал. (2011).
Гісторыя
Шылува ўпершыню згадваецца ў крыніцах пад 1457 годам у сувязі з будаўніцтвам Касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і апосталаў Пятра і Барталамея вялікалітоўскім шляхцічам Пятром Гедыгольдавічам. Пазней мястэчка стала вядомым дзякуючы фэсту Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
З прыходам Рэфармацыі ў XVI стагоддзі мноства жыхароў Шылувы навярнуліся ў кальвінізм, а касцёл быў разрабаваны і ўрэшце закрыты. Апошні пробашч, Ян Галубка, закапаў рэліквіі і дакументы побач з касцёлам.
У 1608 годзе дзецям, якія пасвілі авечак, аб’явілася Дзева Марыя, паказаўшы месца, дзе закапаныя дакументы. У 1622 годзе з іх дапамогай каталікі здолелі вярнуць сабе касцёл. На месцы аб’яўлення паўстаў драўляны касцёл і стаў ладзіцца фэст, а абраз Дабраславёнай Дзевы Марыі з Божым Дзіцём стаў лічыцца цудадзейным.
У 1786 годзе была збудавана базіліка Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая захавалася да нашага часу.
За расійскім часам ў Шылуве распаўсюджвалася літаратура, якую дастаўлялі кніганошы з Прусіі, таму расійскія ўлады забаранілі святкаванне фэсту. Яго адзначэнне ўзнавілася пасля атрымання Літвой незалежнасці ў 1918 годзе. Пасля далучэння Балтыкі да СССР у 1940 годзе савецкія ўлады спрабавалі забараніць традыцыю, аднак канчаткова не здолелі гэтага зрабіць. Напрыклад, у 1979 годзе падчас пілігрымкі КДБ перакрыла ўсе дарогі да Шылувы з прычыны нібыта эпідэміі свіной чумы.
Пасля аднаўлення незалежнасці Літвы ў 1990 годзе аднавіўся і старажытны фестываль у гонар Дзевы Марыі, на які збіраліся пілігрімы з розных кутоў краіны. У 1993 годзе падчас візіту ў Літву Папа Ян Павел II пабываў у пілігрымцы да касцёлу Дзевы Марыі ў Шылуве. На дзясятую гадавіну папскага візіту была адкрытая новая ўстанова для пілігрымаў і семінарыстаў пад назвай «Дом Яна Паўла II» (літ.: Jono Pauliaus II namai).
Турыстычная інфармацыя
- Барочны касцёл нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі[lt] (1760—1786)
- Неагатычная капліца (1912—1924)
Вядомыя асобы
- Язэп Аляшкевіч (1777—1830) — беларускі і польскі мастак.
- Мендэль Закс — яўрэйскі рабін.
- Эймунтас Някрошус (1952—2018) — савецкі і літоўскі рэжысёр.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. — S. 97
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шылува
Катэгорыя·Населеныя пункты Расяйнейскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.