Іўдзейскае царства
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Іўдзея.
Іўдзейскае царства (іўр.: מַלְכוּת יְהוּדָה) — раннерабаўладальніцкая дзяржава ў Паўднёвай Палесціне. Існавала самастойна ў 935—586 да н.э. і 167 да н.э.—6, канчаткова скончыла існаванне пасля Іўдзейскай вайны (66—73). Сталіца: Іерусалім.
(Гл. таксама: Ізраільскае царства, садукеі)
Гісторыя
Дзяржава ўзнікла пасля смерці цара Саламона ў выніку распаду Ізраільска-Іўдзейскай дзяржавы, выкліканага ўварваннем егіпцян і працяглай вайною з імі (923—911 да н.э.). Сваю самастойнасць Іўдзейскае царства захоўвала да захопу яе сталіцы Іерусаліма вавілонскім царом Навухаданосарам II (586 да н.э.)[1]. Асноўныя заняткі насельніцтва: земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, гандаль. З цягам часу ўзрасло ліхвярства, узмацнела буйное землеўладанне. Культ Яхве быў цэнтралізаваны з 7 ст. да н.э.[2] (Гл. таксама: біблейскія прарокі).
Першым царом, вакол якога групаваліся яўрэйскія плямёны быў сын Саламона Раваам (928—911 да н.э.). Дзяржава вяла войны з Ізраільскім царствам, Егіптам, філістымлянамі, Дамаскам, Асірыяй. Значнай вяхой у гісторыі царства было валадарства Іасіі, калі яно вызвалілася ад асірыйскай няволі і нават далучыла да сябе значную частку былога Ізраільскага царства. Тады было аблегчана становішча рабоў-даўжнікоў і праведзена цэнтралізацыя культу Яхве ў Іерусаліме. Нягледзячы на сваю слабасць, Іўдзея праявіла сваю жывучасць і праіснавала даўжэй, чым Ізраільскае царства.[1]
Пасля заваявання вавілонскім цар Навухаданосарам, значная частка іудзеяў выведзена ў Вавілонію (вавілонскі палон). Персідскі цар Кір II вярнуў палонных у Палесціну (538 да н.э.), дазволіў аднавіць Іерусалім; улада перададзена ў рукі калегіі жрацоў пад наглядам персідскага сатрапа. Толькі праз 70 гадоў пасля вавілонскага палону Іўдзея аднавіла сваю дзяржаўнасць[1]. У 332 да н.э. Іўдзейскае царства падначалена Аляксандрам Македонскім, у 3—2 ст. да н.э. пад уладай дынастый Пталамеяў і Селеўкідаў. У выніку паўстання царства стала незалежным пад уладай дынастыі Хасманеяў (167 да н.э.). У залежнасці ад Рыму (63 да н.э.), рымская правінцыя (6), канчаткова падначалена Рымам у выніку Іўдзейскай вайны (66—73) пасля чаго канчаткова заняпала.[2]
Зноскі
Літаратура
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 5. Зуйкі — Кішы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1972. — 616 с.: іл., карты. — С. 181;
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 150. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.