wd wp Пошук:

Атлантыда (Уругвай)

Атлантыда (ісп.: Atlántida) — курортны горад на поўдні Уругвая, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага муніцыпалітэта, які ўваходзіць у склад дэпартамента Канелонэс. З’яўляецца часткай узбярэжнай курортнай зоны Коста-дэ-Ора.

Геаграфія

Размешчаны на ўзбярэжжы эстуарыя Ла-Плата ў месцы ўпадзення ракі Саліс-Чыка, за 45 км на ўсход ад Мантэвідэа.

Гісторыя

Да пачатку XX ст. паўднёвая мяжа дэпартамента Канелонэс уяўляла сабой забалочанае пакрытае выдмамі ўзбярэжжа, якое не лічылася эканамічна перспектыўным, з-за таго што было непрыдатна для земляробства.

Атлантыда пачала фарміравацца ў пачатку ХХ ст. як курорт для эліты Мантэвідэа, якая яшчэ ў XIX ст. завяла звычку ўладкоўваць летнія лагеры на пляжы Санта-Раса (цяпер носіць назву Плая-Манса і з’яўляецца часткай Атлантыды).

Пад канец 1900-х – у пачатку 1910-х таварыства «La Arborícora Uruguaya», заснаванае ў 1908 годзе, купляе буйны участак узбярэжжа на ўсход ад горада Панда і праводзіць азеляненне выдмавай тэрыторыі (высаджваецца каля 150 тысяч эўкаліптаў). Потым гэтая тэрыторыя была распрадана па кавалкам.

У 1913 годзе быў пабудаваны першы гатэль, які меў назву «Las Toscas» (з 1915 года завецца «Atlántida»). У той жа час пачынаецца будаўніцтва дарогі да аднайменнай чыгуначнай станцыі Лас-Тоскас (цяпер — Атлантыда). У 1918 годзе адбылася электрыфікацыя населенага пункта.

Развіццё Атлантыды паскорылася ў 1939 годзе, калі ўсе непрададзеныя зямельныя ўчасткі набыў італьянскі прадпрымальнік Наталіё Мічэлізі. У далейшым ён пачынае мэтанакіравана інвеставаць і развіваць турыстычна-забаўляльную інфраструктуру курорта.

7 верасня 1967 года заканадаўчым актам № 13 609 Атлантыдзе быў прысвоены статус курортнага горада.

Муніцыпалітэт

Муніцыпалітэт Атлантыда (выдзелены зялёным) на карце дэпартамента Канелонэс Муніцыпалітэт Атлантыда быў заснаваны 15 сакавіка 2010 года заканадаўчым актам № 18 653, як састаўная частка дэпартаменту Канелонэс.

Кіраўнік гарадской адміністрацыі — Вальтэр Гансалес.

Муніцыпалітэт уключае ў сябе непасрэдна саму Атлантыду, а таксама найбліжэйшыя населеныя пункты: Эстасьён-Атлантыда, Сіці-Гольф, Вілья-Аргенціна, Фарцін-дэ-Санта-Роса і сельскія тэрыторыі на поўнач ад іх.

Насельніцтва

Паводле перапісу 2011 года насельніцтва Атлантыды складае 5562 чалавекі, у тым ліку 2661 мужчына і 2901 жанчына.

Транспарт

Асноўнай транспартнай артэрыяй горада з’яўляецца вуліца Рута Інтэрбальнеарыя, якая перасякае яго ў кірунку з захаду на ўсход[1].

У кіламетры паўночней Атлантыды, тэрыторыю прыгарада Эстасьён-Атлантыда перасякае чыгунка, на якой знаходзіцца (цяпер не дзеючая) аднайменная станцыя, ад якой і пайшла назва прыгарада.

Зноскі

  1. План Атлантыды і яе прыгарада Эстасьён-Атлантыда Архівавана 1 мая 2013.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1911 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be