Бранева
Бране́ва[1] (польск.: Braniewo, ням.: Braunsberg — Браўнсберг) — горад на поўначы Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Бранеўскага павета Вармінска-Мазурскага ваяводства. Утварае гарадскую гміну, таксама з’яўляецца сядзібай вясковай гміны Бранева.
Гісторыя
Найстаражытны горад Варміі ва Усходняй Прусіі. Упершыню згадваецца ў крыніцах пад 1240 годам як уладанне дзяржавы Тэўтонскага ордэна. Заснаваны, магчыма, на месцы прускага паселішча. Мураваны Браўнсбергскі замак быў пабудаваны пасля 1273 года. Яго разабралі ў 1873—1874 гадах, а таксама ў 1928—1930 гадах. У 1254 годзе атрымаў прывілей на самакіраванне. У той час гэта быў важны гандлёвы цэнтр.
Браўнсберг ужо з XV стагоддзя быў членам Ганзы а таксама адным з марскіх партоў Варміі. Паводле Торуньскага міру ў 1446 годзе ўвайшоў у склад нямецкага Вармінскага княства-біскупства, аўтаноміі ў межах Рэчы Паспалітай.
У 1565 годзе вармінскі біскуп Станіслаў Гозій адкрыў Браўнсбергскі езуіцкі калегіум, важны цэнтр Контррэфармацыі ва Усходняй Еўропе. У гэтыя часы Браўнсберг стаў важным цэнтрам школьнай адукацыі і культуры. У 1589 годзе была заснавана прыватная друкарня. Шмат разоў (да 1738 года) жыхары горада змагаліся за адкрыццё ўніверсітэта, але гэта не ўдалося. Спадчыннікам традыцыі стаў «Liceum Hosianum».
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе далучаны да Прускага каралеўства; з 1871 года — частка Германскай імперыі. У 1945 годзе, у час Другой сусветнай вайны, акупіраваны савецкімі войскамі. Пасля вайны перададзены Польшчы па рашэнні Патсдамскай канферэнцыі; паланізаваны шляхам дэпартацыі нямецкага насельніцтва.
Славутасці
У горадзе захаваліся шматлікія помнікі — гатычная базіліка святой Кацярыны Александрыйскай (1346), вежа біскупскага замка (13 ст.), калегіум езуітаў (1566).
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бранева
Катэгорыя·Населеныя пункты Бранеўскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.