Вяда
Вя́да — колішняя вёска на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна. Знаходзілася на заходнім беразе Вядскага возера (цяпер Бабровіцкае возера).
Мясцоваць заселена са старажытнасці, паселішча каменнага веку выяўлена ў 1971 і даследавана ў 1989 годзе.
Вядома з 18 студзеня 1401 года як цэнтр воласці Вяда (districtu dicto Woda) сярод уладанняў князя Жыгімонта Кейстутавіча, гарантаваных яму прывілеем брата, вялікага князя Вітаўта, і пасля смерці таго[1]. Як цэнтр Вядскай воласці згадваецца і ў 1433 годзе[2]. Размяшчалася на адной пясчанай выспе з вёскай Тупічыцы (Тупіцы, Тупічы).
Да 1508 года Вяда разам з воласцю было часткай Слонімскага павета, у 1508 годзе воласць нададзена пінскаму князю Фёдару Іванавічу Яраславічу і ўвайшла ў склад Пінскага княства. У 1519—1520 годзе князь Фёдар Іванавіч у забеспячэнне пазыкі здаў Вядскую карчму і Вядскае возера ў арэнду Айзаку Езафовічу на 5 зімаў[3].
У 1522 годзе разам з Пінскім княствам Вяда перайшло каралеве Боне, княства стала паветам Троцкага, а з 1566 года Берасцейскага ваяводства.
З 1921 года ў складзе Польшчы. У міжваенны час Вяда і Тупічыцы належылі да ўніяцкай парафіі ў Бабровічах, дзе душпастырам быў а. Баляслаў Пачопка.
13 верасня 1942 года карнікі падчас аперацыі «Балотная ліхаманка» спалілі вёску і забілі ўсіх жыхароў — 86 двароў і 217 чалавек, таксама спалілі суседнія Тупічыцы — 43 двары і 143 жыхары. Пасля вайны вёскі не аднавілі.
У 1965 годзе пастаўлены абеліск — адзін на абедзве вёскі, у канцы 1990-х гадах грэка-каталікі паставілі крыж, у 2015 — новы абеліск.
Цяпер мясціны ў поўнай ізаляцыі, дабрацца сюды можна толькі праз Бабровіцкае возера, шлях праз балоты даступны толькі моцнай засухай. Месца вёскі на пясчаным пагорку і да цяперашняга часу амаль не зарасло.
У 2012—2013 гадах пра вёскі Вяда і Тупічыцы краязнаўцам Аляксеем Сліжом зняты 20-хвілінны відэанарыс «Вяда — 70 год забыцця» (апавядае бабровіцкі краязнавец Веніямін Бачкоўскі).
Зноскі
- ↑ Akta unji Polski z Litwą. 1385—1791. — Kraków, 1932. — S. 34-36, № 38.
- ↑ Вядская воласць уключала цэнтр і захад былога Целяханскага раёна. Суседзіла з Ліпскай (усход былога Целяханскага р-на і прылеглая частка Ганцавіцкага р-а (Раздзялавічы)), Бобрыцкай (усход Пінскага, поўдзень Ганцавіцкага, большая частка Лунінецкага (без поўначнай часткі), часткі Жыткавіцкага і Петрыкаўскага р-наў) і Здзітаўскай (значная частка Драгічынскага і Іванаўскага, паўднёвы ўсход Бярозаўскага, паўднёвы усход Івацэвіцка (амаль да Івацэвіч) р-наў) валасцямі.
- ↑ ЛМ-4 (1522—1530), № 16. — С. 53.
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Івацэвіцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.