wd wp Пошук:

Вішэград

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вішэград.

Ві́шэград (венг.: Visegrád) — горад у цэнтральнай частцы Венгрыі, у медзье Пешт. Насельніцтва — 1783[1] чалавекі (2014).

Этымалогія

Назва Вішэград мае славянскае паходжанне, азначае высокі град, або «верхні замак». У сучасным славацкім і чэшскім правапісе Vyšehrad.

З такой жа назвай існуюць: горад Вішаград у Босніі і Герцагавіне; горад ва Украіне побач з Кіевам з назвай Вышгарад; гарадок у Польшчы з назвай Вышогруд і замак Вышаград у Празе.

Замак Вішэград называецца па-венгерску Fellegvár, што літаральна азначае «хмарныя вежы»[2]. Па-нямецку горад называецца Plintenburg.

Гісторія

Замак у часы кіравання караля Мацьяша
Руіны Вішэградскага замка на карціне Марка Каролі, 1826 год.
Вішэград ў 16 стагоддзі (1595), малюнак Ёрыса Хуфнагеля

Вішэград упершыню згадваецца ў 1009 годзе як камітацкі горад, у якім знаходзіўся архібіскуп. Пасля спусташальнага мангольскага ўварвання ў Еўропу ў 1242 годзе, горад быў адноўлены ў трохі іншым месцы на поўдні. У XIII стагоддзі ў Вішэградзе была пабудавана Вішэградская крэпасць. Кароль Карл I Роберт зрабіў Вішэград сваёй каралеўскай рэзідэнцыяй, з 1325 года ён стаў сталіцай Венгрыі.

У 1335 годзе Карл правёў у Вішэградзе двухмесячны з’езд з чэшскім каралём, Янам Люксембургам, і польскім каралём, Казімірам III. Гэта падзея мела вырашальнае значэнне ва ўсталяванні міру паміж трыма каралеўствамі і стварэнні саюзу паміж Польшчай і Венгрыяй супраць Габсбургаў у Аўстрыі. Другі з’езд адбыўся ў 1338 годзе.

Сігізмунд, імператар Святой Рымскай імперыі і кароль Венгрыі і Харватыі, перанёс каралеўскую рэзідэнцыю ў Буду паміж 1405 і 1408 гадамі. Венгерскі кароль Мацвей Корвін, выкарыстоўваў Вішэград як загарадную рэзідэнцыю.

Вішэград страціў значэнне пасля падзелу Венгерскага каралеўства, якое адбылося пасля бітвы пры Мохачы ў 1526 годзе.

У XVIII стагоддзі Вішэградская крэпасць і палац былі разбураны войскамі Габсбургаў падчас вайны за Венгрыю. Да нашага часу цалкам захавалася толькі адна вежа крэпасці — Вежа Саламона. Паводле легенды, менавіта ў гэтай вежы ў свой час сядзеў Улад Цэпеш.

У 1991 годзе вядучыя палітычныя дзеячы Венгрыі, Чэхаславакіі і Польшчы сустрэліся тут, каб сфармаваць перыядычныя форумы, Вішэградскую групу з наўмысным намёкам на сустрэчы, што праходзілі тут шмат стагоддзяў таму.

У 2000 годзе Вішэграду былі вернуты гарадскія прывілеі.

Славутасці

Вежа Саламона
Вішэградскі замак
Каралеўскі палац

Зноскі

  1. Штогадовае выданне «Адміністрацыйная Венгрыя», Цэнтральнае Статыстычнае Бюро, 2014.
  2. Antal Papp: Magyarország (Hungary), Panoráma, Budapest, 1982, ISBN 963 243 241 X, p. 860, pp. 229—236

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be