Геліопаль (Старажытны Егіпет)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Геліопаль.
Іўну у іерогліфах | |||
Геліопаль[1], Геліопаліс, Іліопаль (грэч.: Ἡλίουπόλις, егіп. Іўну, бібл. Он) — адзін з найстаражытнейшых і найважнейшых гарадоў у Старажытным Егіпце, размешчаны на паўночны ўсход ад сучаснага Каіра. Цэнтр 13-га ніжнеегіпецкага нома Хека-анджу. У Геліопалі знаходзіўся галоўны цэнтр пакланення вярхоўнаму богу сонца (першапачаткова Атуму, затым Атуму-Ра) і цыклу звязаных з ім божастваў — «Вялікай Дзявяткі Іўну». Грэкі атаясамлялі Атума і Ра з Геліясам, ад чаго і пайшла грэчаская назва горада — Ἡλίουπόλις («горад сонца»). Старажытнаегіпецкая назва, транскрыбаваная ỉwnw, часцей за ўсё перадаецца як Іўну ці Он (Ὂν у элінізаваным варыянце і אן ці און у яўрэйскім тэксце Бібліі).
Гісторыя
Паводле Дыядора, горад быў заснаваны А́ктыем, сынам Геліяса, вымушаным уцякаць з вострава Родас пасля забойства брата. Горад ён назваў у гонар бацькі[2].
Геліопаль вядомы з дадынастычнага перыяду. У перыяд Ранняга і Старажытнага царства нароўні з Абідасам і Мемфісам належаў да колькасці найбольш забудаваных гарадоў. Першапачаткова Геліопаль быў асноўным цэнтрам пакланення Атуму, які лічыцца першым агульнаегіпецкім сонечным бажаством. Аднак ужо ў пачатку Старажытнага царства Атум быў выцеснены падобным геліопальскім богам Ра і атаяснёны з ім у вобразе Ра-Атума (акрамя Ра і Атума, у Геліопалі таксама быў распаўсюджаны культ быка Мневіса). Прыход да ўлады V дынастыі егіпецкіх кіраўнікоў зацвердзіў геліопальскае жрэцтва ў якасці найбольш уплывовай палітычнай групоўкі пры фараоне.
Нягледзячы на ўзвышэнне культу Амона ў выніку палітычнага дамінавання Фіваў, Ра захоўваў сваё значэнне і аўтарытэт як старажытны вярхоўны бог. Геліопальскае жрэцтва адаптоўвалася да новых палітычных умоў, развіўшы ўяўленні пра сінкрэтычных божастваў Ра-Харахтэ (Ра + Хор) і Амона-Ра (Ра + Амон). Тым не менш, тэалагічная перавага геліопальскай касмагоніі, з якой супастаўляліся іншыя міфалагічныя схемы, не перашкодзіла фіванскім жрацам стаць галоўнай апорай агрэсіўнай знешняй палітыкі фараонаў XVIII дынастыі Новага царства. Апошняя спроба аднавіць былую палітычную магутнасць Геліопаля была прадпрынята ў пачатку кіравання Эхнатона, які планаваў праводзіць радыкальныя пераўтварэнні, выкарыстоўваючы незадаволенасць жрацоў Ра-Харахтэ ўмацаваннем пазіцый жрэцтва Амона-Ра. У той час у Геліопалі быў узведзены храм Ведж-Атон, прысвечаны сонечнаму дыску Атону.
Геліопаль быў добра вядомы старажытным грэкам і рымлянам. У 332 да н.э. у горадзе на кароткі час спыняўся Аляксандр Македонскі; храмы Геліопаля, вядомыя сваімі поспехамі ў астраноміі і філасофіі, неаднаразова наведваліся Салонам, Піфагорам, Платонам і іншымі выдатнымі мыслярамі антычнасці. Манефон, які, відаць, быў вярхоўным жрацом Геліопаля, у пачатку III стагоддзя да н.э. на аснове храмавых архіваў падрыхтаваў «Егіптыку», якая лічылася ў антычным свеце асноўнай крыніцай па гісторыі Старажытнага Егіпта. Аднак к I стагоддзю да н.э. цікавасць Пталамеяў да геліопальскіх старажытнасцей згасла, і Страбон пабачыў храмы горада закінутымі. Пасля ўсталявання рымскага валадарства па загадзе імператара Аўгуста ў 19-м годзе н.э. з Геліопаля былі вывезены «Іголкі Клеапатры» — пары абеліскаў, якія былі пастаўлены перад храмам Ра Тутмосам III і былы аднымі з найвышэйшых у Егіпце. Многія храмы і іншыя буйныя пабудовы старажытнага Геліопаля выкарыстоўваліся як будаўнічы матэрыял для ўзвядзення Фустата, які пазней перарос у Каір.
Згадкі ў Бібліі
Геліопаль быў цэнтрам правінцыі Гесем. Быў адным з трох гарадоў са складамі харчу, у час сямігадовага голаду пры Іосіфе. Іосіф, які стаў візірам і суправіцелем фараона ў Старажытным Егіпце, меў цесцем жраца Геліопаля[3][4].
Септуагінта расказвае, што Геліопаль разам з гарадамі Піфом і Раамсес, будавалі па загадзе фараона рабы-яўрэі, што і справакавала Выхад яўрэяў са Старажытнага Егіпта.
У часы біблейскіх прарокаў, Ісая згадваў Геліопаліс як адзін з 5 егіпецкіх гарадоў, якія меў стасункі з яўрэямі. Але ён зрабіў лінгвістычную памылку ў слове «горад сонца» (’ir hašemeš), запісаўшы яго як ’ir haheres — «горад разбурэння»[5]. Гэта гульня слоў пазней замацавалася ў Ераміі і Езекіля.[6] Яўрэйскае слова Beth-shemesh, якое азначае «храм» (Beth) «сонца» (shemesh) выкарыстоўваў Ерамія. Ён праракаў лёс гораду, заяўляючы што цар Вавілона Навухаданосар знішчыць абеліскі (слупы, статуі) у Геліопалісе (Бефсамісе, «доме бога сонца») і спаліць храмы егіпецкіх багоў[7]. Езекіль, сучаснік Ераміі, падмацаваў гэта паведамленне, заявіўшы што «маладыя людзі Она […] падуць ад мяча, а астатнія пойдуць у палон»[8]. Езекіль таксама гуляў словамі выкарыстоўваючы тапонім «Он» — біблейскую назву Геліопаліса ў часы Іосіфа; У іншых перакладах Бібліі фігуруе ў гэтым радку не тапонім «Он», а слова іўрыту «Aven»[9], якое азначае «вар’яцтва, несправядлівасць» і значыць месца называюць «храмам жорсткіх вар’ятаў».
Сучасны Геліопаль
Цяпер Геліопалем таксама называюць сучасны прыгарад Каіра Міср аль-Джыдзіда (араб. مصر الجديدة, «Новы Егіпет»), размешчаны каля старажытнага горада. Сам старажытны Геліопаль знаходзіўся на тэрыторыі сучасных ускраінных каірскіх раёнаў Аль-Матарыя і Айн Шамс (араб. عين شمس). У Матарыі захаваўся абеліск Сенусерта I, вакол якога створаны невялікі музей пад адкрытым небам (каля плошчы эль-Масала).
Зноскі
- ↑ Напісанне паводле Беларускай энцыклапедыі, т. 6, с. 370, 371; гл. таксама Беларускую энцыклапедыю, т. 5, с. 140.
- ↑ Дыядор Сіцылійскі. Гістарычная бібліятэка V 57
- ↑ Быццё. 41:45, 50
- ↑ Іосіф Флавій. The Antiquities of the Jews, Book II, 6.1.91
- ↑ Freedman, Myers, & Beck. Eerdmans Dictionary of the Bible, (ISBN 0-80-282400-5, ISBN 978-0-80-282400-4), «City of the Sun», p. 261
- ↑ Іс. 19:18
- ↑ Ер. 43:13
- ↑ Ез. 30:17
- ↑ Езекіль 30:17 (пераклад American Standard Version)(англ.)
Спасылкі
Геліопаль (Старажытны Егіпет) на Вікісховішчы |
- Илиополь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- Он // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. — СПб., 1908—1913.
- Гелиополь // Египтологический Изборник
Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.