Гялванай
Гя́лванай[1] (літ.: Gelvonai, традыцыйная беларуская назва — Гелваны) — мястэчка ў Шырвінтаскім раёне Вільнюскага павета Літвы. Цэнтр Гялванайскай сянюніі. Размешчана за 16 км на захад ад Шырвінтаса. Насельніцтва на 2011 год — 284 чалавекі.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўcпамін пра Гелваны (ням.: Gelwen) у крыжацкім апісанні дарог Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1385 годам. У гэты час яны ўвайшлі ў склад Віленскага павета Віленскага ваяводства. У 1642 годзе ў Гелванах быў пабудаваны пратэстанцкі збор, у 1686 годзе — касцёл, пры якім існаваў кляштар францысканцаў.
У XVIII стагоддзі Гелваны знаходзіліся ў валоданні Жабаў, таму часам мястэчка называлі Жабавам. 22 жніўня 1744 года кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Гелванам прывілей на кірмашы.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Гелваны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні.
На 1866 год у Гелванах было 30 будынкаў.
Найноўшы час
Пасля польска-літоўскіх баёў і падпісання пагаднення паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе Гелваны апынуліся ў складзе Літвы. У часы Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 да 1944 года мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1866 год — 286 чал., з іх 140 каталікоў, 5 праваслаўных і 141 іўдзей[2]
- XXI стагоддзе: 2011 год — 284 чал.
Славутасці
- Капліца-пахавальня Плятэраў (XIX ст.)
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1897)
- Могілкі каталіцкія, капліца
Страчаная спадчына
- Касцёл і кляштар францысканцаў (XVII ст.)
- Сядзіба Плятэраў (XIX ст.)
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
- ↑ Wejssenhof J. Giełwany // Słownik geograficzny… T. II. — Warszawa, 1881. S. 555.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гялванай
- Гелваны на сайце Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Шырвінтаскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.