wd wp Пошук:

Дамброўна (Вармінска-Мазурскае ваяводства)

Дамброўна (польск.: Dąbrówno, ням.: Gilgenburg) — вёска ў Аструдскім павеце Вармінска-Мазурскага ваяводства Польшчы. Сядзіба вясковай гміны Дамброўна. Знаходзіцца прыкладна за 30 км на поўдзень ад Аструды і за 50 км на паўднёвы-захад ад сталіцы ваяводства Ольштына.

Да 1945 года была горадам. У 1975—1998 гадах уваходзіла ў склад Альштынскага ваяводства.

У Дамброўне знаходзяцца аптэка, банк, пошта, аўтазапраўка, рэстаран, бар, крамы.

Гісторыя

У XIII стагоддзі прусы збудавалі форт між азёрамі Велька і Мала-Дамброўна. У 1316 годзе крыжакі пачалі ўмацаванне паселішча і збудавалі тут замак Гільгенбург. Паселішча вакол замку ў 1326 годзе атрымала гарадскія правы ад дзежганскага комтура Лютэра фон Браўншвайга. Праз Гільгенбург у тыя часы праходзіў гандлёвы шлях з Мазовіі ў Эльблёнг і Гданьск. Замак быў сядзібай крыжацкага войта.

У ліпені 1410 года, за два дні да бітвы пад Грунвальдам, горад быў захоплены і спалены войскам Уладзіслава II Ягайлы. У XV стагоддзі земскім суддзёй быў тут Пётр Бажынскі з Эльгнова (бацька Яна і Сцібара — заснавальнікаў Прускай канфедэрацыі). У 1525 годзе мясцовасць стала староствам і належала магнацкім родам Габленцам, Алесніцам і найдаўжэй (1572—1831) Фінку фон Фінкенштэйну. У 1656 годзе горад быў спалены татарамі.

У 1818 годзе Гільгенбург быў уключаны ў Landkreis Osterode in Ostpreußen. Хоць знаходзіўся на чыгунцы між гарадамі Остэродэ (Аструда) і Зольдау (Дзялдова), Гільгенбург заставаўся мястэчкам з прыкладна 1000 жыхарамі. Пасля аддзялення Дзялдова ад Усходняй Прусіі стаў самым паўднёвым горадам Masurian Oberland і быў адрэзаны ад усіх рэгіянальных маршрутаў.

У канцы жніўня 1914 года ў ваколіцах Дамброўны разыгралася так званая Першая мазурская бітва. У Асякове, што за 4 км ад Дамброўны, знойдзеныя адныя з найвялікшых ваенных могілак таго часу.

У 1945 годзе Гільгенбург быў зруйнаваны на 80 %. Па ўмовах Патсдамскай канферэнцыі горада было перададзена ў склад Польшчы, усё нямецкае насельніцтва выселена і заменена палякамі. Падчас гэтага перайменаванае ў Дамброўну паселішча было пазбаўлены гарадскіх правоў.

Славутасці

  • Руіны крыжацкага замка 1319 года. У 1410 годзе замак быў спалены, адбудаваны ў пачатку XVI стагоддзя. У 1683—1696 гадах Фінкенштэйны перабудавалі яго на барочную рэзідэнцыю, дабудаваўшы ўсходняе і паўднёвае крыло, а ваколіцы абсадзіўшы дрэвамі. У XX стагоддзі замак перайшоў ва ўласнасць роду Штраўсаў. У 1945 годзе спалены і зруйнаваны.
  • Парафіяльны касцёл (цяпер метадысцкі), збудаваны ў 1325—1350 гадах, перабудаваны ў XVII i XVIII стагоддзях. У 1697 годзе дабудаваны маўзалей Фінкенштэйнаў.
  • Неагатычны касцёл другой паловы XIX стагоддзя.
  • Фрагменты гарадскіх муроў XIV ст., захаваліся па вуліцы Тыльнай, Грунвальдскай, каля замка і ўздоўж возера
  • Камяніцы XIX ст. па вуліцах Касцёльнай і Касцюшкі
  • Сінагога

  • Урад гміны ДамброўнаУрад гміны Дамброўна
  • Будынак даўняй сінагогіБудынак даўняй сінагогі

Літаратура

  • Darmochwał T., Rumiński M. J. Вармія-Мазуры, пуцяўнік = Warmia mazury, przewodnik. — Białystok: Agencja TD, 1996.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Аструдскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Вармінска-Мазурскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be