Дамбула
Дамбула (сінгальск.: දඹුල්ල, там.: தம்புள்ளை) - горад у Цэнтральнай правінцыі Шры-Ланкі. Насельніцтва - 66716 (2012 г.)[1]
Гісторыя
Людзі пасяліліся на месцы Дамбулы каля 5 тысяч гадоў таму. У I ст. да н. э. пячоры на гары ў межах сучаснага горада прыцягнулі да сябе будысцкіх манахаў. Згодна паданню, у іх хаваўся сінгальскі прынц Валагамба. Пасля 14 гадоў выгнання ён вярнуўся ў Анурадхапуру і стаў яе валадаром. Удзячны за сховішча пад час пераследу з боку сваіх ворагаў, ён падараваў гару і пячоры манахам для заснавання кляштара.
На працягу стагоддзяў кляштар і паселішча вакол яго некалькі разоў пакідаліся людзьмі, але працягвалі заставацца месцамі для паломніцтваў. У 1848 г. будысцкія святары ператварылі Дамбулу ў адзін з галоўных цэнтраў адраджэння будызму на Шры-Ланцы. Гэта садзейнічала росту і развіццю горада, які ператварыўся ў важны рэлігійны і транзітны цэнтр.
У 1991 г. Залаты храм Дамбулы трапіў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У 2012 г. у Дамбуле адбыліся сутычкі паміж сінгаламі-будыстамі і маўрамі Шры-Ланкі, якія спавядаюць іслам. Акрамя таго, урадам Шры-Ланкі праводзілася расследаванне дзейнасці мясцовай адміністрацыі. Яно скончылася арыштам мэра горада і яго абвінавачваннем у карупцыі.
Эканоміка
Дамбула месціцца ў 148 км ад Каломба, 72 км ад Канды, 68 км ад Анурадхапуры, 66 км ад Паланарувы і каля 20 км ад Сігірыі. У гэтай сувязі горад прыцягальны як транзітны цэнтр для шматлікіх паломнікаў і бюджэтных турыстаў. Большая частка мясцовай эканомікі абапіраецца на сферу абслугоўвання. У межах горада працуе адзін з найбуйнейшых на Шры-Ланцы аптовых рынкаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
Славутыя мясціны
- Залаты храм - адна з галоўных будысцкіх святынь Шры-Ланкі. Ён уключае комплекс пячор з насценным роспісам, дагобамі і скульптурамі Буды XVIII - XIX стст., музей, а таксама будысцкія школу і кляштар. Тэрыторыя гары, на якой месціцца Залаты храм, з’яўляецца натуральным запаведнікам. На ёй шмат малпаў, яшчарак, грызуноў.
- Міжнародны стадыён Рангіры, дзе праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы па крыкету
- Комплекс “Возера Амая” на мясцовым старажытным вадасховішчы, прыцягальны для прыхільнікаў аюрведы
Зноскі
- ↑ Population of Dambulla, Sri Lanka Архівавана 18 чэрвеня 2012.
Спасылкі
- Дамбула - горад Сусветнай спадчыны Архівавана 17 верасня 2012.
- Будысты і мусульмане Дамбулы
- Сайт ЮНЕСКА
- Залаты храм. Афіцыйны сайт Архівавана 7 лістапада 2015.
Катэгорыя·Населеныя пункты Лачынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.