Дружба (Шумяцкі раён)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дружба. Дружба (руск.: Дружба; да 1963 года Чартоўшчына) — вёска ў Шумяцкім раёне Смаленскай вобласці Расіі. Уваходзіць у склад Надзейкавіцкага сельскага паселішча.
Геаграфія
Вёска акружана балотамі. Балота на ўсход за 1 кіламетр ад вёскі, у бок Грынеўшчыны, называецца Лешнеўскім. Лешнеўскае балота летам 2003 года моцна выгарэла. На адлегласці каля двух кіламетраў ад вёскі ў бок Бедні распасціраецца Белае балота. Мінчыхіна балота знаходзіцца за кіламетр ад вёскі, па дарозе на Яўкіна. У Мінчыхіным балоце раней бралі торф, зараз тарфяныя ямы запоўненыя вадой, людзі туды не ходзяць.
У напрамку на Яўкіна былі хутары Нясцярэнка, Карпаў, Хімушкін, Панаськін, Маханькоў, Раманенка, Белякоў, Ягорушкін. У напрамку вёскі Караблёва былі хутары Яшын, Міхееў, Галееўцаў. Хутары Маркін, Нілянкоў, Фралоў, Арцёмаў размяшчаліся ля Арцёмава балота.
Чырвоны дом — месца паблізу Арцёмава балота (называлі так дом з-за чырвонай чарапіцы, якой быў накрыты дах). Фралоў равок — роў каля былога хутара селяніна Фралова ў бок Бедні за паўкіламетра ад вёскі. Старыя могілкі — размешчаны на грудзе за дамамі роду Карпавых і Галееўцавых. Згодна з паданнем на гэтым месцы людзі захоўвалі сваіх блізкіх яшчэ 700 гадоў таму.
Гісторыя
У часы Вялікага Княства Літоўскага вёска ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чартоўшчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі.
Паводле афіцыйных звестак на 1866 год беларусы складалі 94,7 % насельніцтва.
Найноўны час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі вёска ўвайшла ў склад БССР, але 16 студзеня Масква адабрала вёску разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
У 1963 годзе ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета РСФСР вёска Чартоўшчына Шумяцкага сельскага раёна была перайменавана ў вёску Дружба.
Зноскі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Шумяцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.