Жыдачыў
Жыдачыў (укр.: Жида́чів) — горад раённага значэння ў Львоўскай вобласці Украіны, адміністрацыйны цэнтр Жыдачыўскага раёна. Адзін з найстарадаўнейшых гарадоў Галічыны. Размешчаны на мяжы Падольскага ўзвышша і ўпадзіны Перадкарпацця, за 3 км ад упадзення ў Днестр ракі Стрый.
Гісторыя
Першае пісьмовае згадванне аб горадзе датуецца 1164 г., калі ён узгадваецца як Удзеч (або Зудзечаў). У далейшым у дакументах зафіксавана яшчэ каля 25 назваў горада. У 1393 г. горад атрымаў магдэбургскае права, якое садзейнічала яго эканамічнаму развіццю. Ён стаў адным з буйных гарадоў Галічыны, цэнтрам гандлю соллю. Акрамя таго, жыхары займаліся земляробствам і рамёствамі. Гэтыя заняткі адлюстраваны на гербе горада 1653 г. - белая саляная галава, нарог ад плуга, сэрцападобныя шчыт.
Каталіцкі прыход у горадзе быў утвораны ў 1301 г. У той час храм быў драўляным, яго атачалі могілкі. Вядома, што ў 1387 г. кароль Ягайла дараваў мясцоваму касцёлу сяло Рагозна. У 1415 г. брат караля, Свідрыгайла, які валодаў гэтым краем з 1403 г., упрыгожыў мясцовы храм. У 1602 г. было пачата будаўніцтва каменнага касцёла.
У 1676 г. кароль Ян Сабескі, рыхтуючыся да вайны з турэцкім войскам, стаяў лагерам каля Жыдачава. Баі доўжыліся амаль месяц, вырашальнай стала бітва 17 кастрычніка 1676 г. Кароль падпісаў з туркамі мірнае пагадненне, адабраў 12 тыс. чал. палонных, якіх гналі ў Турцыю, і адслужыў урачысты малебен з нагоды перамогі ў мясцовым касцёле.
Помнікі даўніны
У горадзе захаваліся рэшткі старажытнага гарадзішча і замка XII-XIV ст., ёсць цудатворны абраз Маці Божай - Жыдачыўская Аранта 1406 г.(знаходзіцца ва Уваскрасенскай царкве).
Адной з асноўных гістарычных славутасцяў з’яўляецца касцёл (з 1990—х гг. - зноў дзеючы), у якім у савецкі час спачатку быў аўтавакзал, а затым - краязнаўчы музей.
Захаваліся старыя панскія стайні, у якіх размешчаны навучальныя класы і гаражы мясцовага ПТВ.
Зноскі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Жыдачыўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Львоўскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Львоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.