Заблудаў
Заблу́даў (польск.: Zabłudów) — горад у Польшчы, уваходзіць у склад Беластоцкага павета Падляскага ваяводства. Сядзіба вяскова-гарадской гміны Заблудаў. Знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад Беластока, на захадзе этнічнай тэрыторыі беларусаў.
Колькасць насельніцтва — 2,4 тыс. чал. (2005)
Гісторыя
Гісторыя сённяшняга Заблудава пачынаецца перад 1483, калі кіеўскі ваявода Іван Хадкевіч атрымаў ад вялікага князя літоўскага вялікі абшар пушчаў паміж рэкамі Наравам і Супраслю. Мясціна гэтая размешчаная ў даліне рэчцы Рудні, якую раней звалі Мялецінкай. У 1483 адбылося нашэсце крымскага хана Гірэя на паўднёвыя землі Вялікага Княства Літоўскага і было яно трагічным для кіеўскага ваяводы. Ён быў узяты ў палоні і загінуў. Усё ж вялікі князь не забыліся пра сям’ю свайго заслужанага падданага. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары пацвярджае наданні Хадкевічам і сыну ваяводы Івана — Аляксандру Хадкевічу даручае пасаду новагародскага ваяводы. Аляксандр Хадкевіч засноўвае горад на паўднёвым захадзе за Блудаўскай пушчай (адсюль назва) і ўзводзіць у ім свой палац.
У 1533 Заблудаў атрымлівае гарадскія правы.
У 1549 памірае Аляксандр Хадкевіч. Заблудаў пераходзіць у спадчыну яго сыну Рыгору Хадкевічу. Горад разрастаецца, наваколле яго заселенае. У 1563 тут паўстаюць царква і касцёл і пры іх школка для дзяцей. Прыбываюць у Заблудаў маскоўскія першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец. Тут яны прыступілі да працы. У сакавіку 1569 закончылі друкаваць «Евангелле Вучыцельнае». У Заблудаве быў надрукаваны яшчэ «Псалтыр з Часаслоўцам».
Гетман Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч дажыў да канца сваіх дзён у Заблудаве. Яго воляй было, каб пасля смерці цела яго пакоілася ў катакомбах Дабравешчанскага сабора ў Супраслі. Так і сталася.
Згодна з умовамі Люблінскай уніі (1569) апынуўся ў складзе Каралеўства Польскага. З 1598 года і да пач. XIX ст. — ва ўладанні біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў, пры якіх ператварыўся ў значны асяродак Рэфармацыі. 7 красавіка 1654 года атрымаў герб «у блакітным полі срэбны алень, паміж рагамі якога срэбны герб „Касцеша“, на алені залатая гунька з чорным аднагаловым арлом»[1]. У 1659 годзе ўпершыню згадваецца Заблудаўскі Успенскі манастыр. У 2-й пал. XVII ст. пры манастыры дзейнічалі школа, бібліятэка і шпіталь.
Гісторыя ўпісала ў Заблудаў буйны на Падляшшы ў XVII ст. кальвінскі збор і школу пад апекай Хадкевічавага спадчынніка гетмана Януша Радзівіла. Шведскі патоп і звязаныя з ім ваенныя дзеянні знішчылі Заблудаў. Аб тых часах цяпер сведчаць адно магутныя дубы ў колішнім палацавым парку, зарослая чаротам сажалка і некалькі мураваных збудаванняў у мястэчку.
У 1695—1744 гадах горада знаходзілася ў складзе Нойбургскіх маёнткаў. З сяр. XVIII ст. Заблудаўскі манастыр пачаў занепадаць (скасаваны ў 1824 годзе).
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) апынуўся ў складзе Прусіі, з 1807 года — у складзе Расійскай імперыі; мястэчка Беластоцкага павета Гродзенскай губерні.[2]
З 1921 года — у складзе Польскай Рэспублікі.
З лістапада 1939 года — у складзе БССР. У 1940—1941 і 1944 гадах — цэнтр Заблудаўскага раёна Беластоцкай вобласці БССР. У 1941—1944 гадах знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Заблудаў Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1965 годзе ў мястэчку адбыўся Заблудаўскі цуд.
Насельніцтва
З XVI ст. у Заблудаве пачалі сяліцца яўрэі, якія пад канец XIX ст. складалі 60 % жыхароў мястэчка. Гэтую супольнасць ліквідавалі нацысты ў час нямецкай акупацыі (каля 1,4 тысяч чалаве вывезлі да лягэру смерці ў Трэблінцы ў 1942 годзе). Увогуле, у час вайны мястэчка знішчылі на 50 %; прыкладам, 24 чэрвеня 1941 года спалілі найбольш каштоўны здабытак Заблудава — вялікую драўляную сінагогу 1646 года.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Капліца могілкавая Св. Марыі Магдалены (2-я пал. XVIII ст.)
- Касцёл Свв. Апп. Пятра і Паўла (1805—1840)
- Могілкі яўрэйскія
- Могілкі старыя каталіцкія. Капліца Св. Роха (1850)
- Парк (2-я пал. XIX ст.)
- Царква Успення Прасв. Багародзіцы (1847—1855)
Страчаная спадчына
- Сінагога (XVII ст.)
- Сядзіба (2-я пал. XIX ст.)
Галерэя
Вядомыя асобы
- Грынь Івановіч — беларускі друкар і гравёр 16 ст.
Зноскі
- ↑ Заблудаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Заблудово // Заблудаў // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Заблудаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Zabłudów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. S. 190
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Заблудаў
- Заблудаў на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беластоцкага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя раёны Беларусі Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1944 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.