Кальмар (Францыя)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Кальмар. Кальма́р (фр.: Colmar, вымаўляецца [kɔlmaʁ], ням.: Colmar, эльз. Kulmer [ku:lmër]) — горад на паўночным усходзе Францыі, у цэнтральнай частцы рэгіёна Эльзас, адміністрацыйны цэнтр дэпартамента Верхні Рэйн. Насельніцтва 67 409 чал. (2011) — гэта трэці паводле велічыні горад Эльзаса (пасля Страсбурга і Мюлуза) і другі ў Верхнім Рэйне. Размешчаны ў сэрцы вінаробчага рэгіёна, Кальмар атрымаў мянушку «сталіцы Эльзаскіх він»[3].
Гісторыя
Кальмар упершыню згадваецца ў 823 годзе пад назвай Columbarium (т.б. галубятнік), як уладанне караля франкаў Людовіка I Набожнага. Каля 1000 года на месцы сучаснага калегіума Св. Марціна была пабудавана першая царква. У 1106 горад згарэў. У 1156, 1179 і 1186 горад наведваў імператар Фрыдрых I Барбароса. У 1226 Кальмар становіцца імперскім горадам непасрэдна пад уладай Фрыдрыха II[4]. У гэты час у горадзе асталяваліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх ордэнаў: францысканцы, дамініканцы, аўгусцінцы. У 1295 была пабудавана першая ратуша, а ў 1337 — рачны порт. У 1354 Кальмар далучыўся да дэкаполіса — саюза дзесяці вольных гарадоў Эльзаса. У 1376 горад атрымаў права выбіваць уласную манету. У 1418 у Кальмары прайшла эпідэмія чумы. У 1512 з горада прагналі яўрэяў. У 1575 у горадзе афіцыйна дазваляецца лютэранства (побач з каталіцтвам). Падчас Трыццацігадовай вайны Кальмар быў заняты ў 1632 годзе шведамі. У 1673 годзе горад занялі французы, а ў 1679 паводле Німвегенскіх мірных дагавораў ён афіцыйна стаў часткай дзяржавы Людовіка XIV. З 1791 Кальмар стаў цэнтрам дэпартамента Рэйн Верхні, а па заканчэнні франка-прускай вайны (1870—1871) — часткай рэйхсланда Эльзас-Латарынгія. Але ўжо ў 1918, па выніках Першай сусветнай вайны горад зноў адыйшоў да Францыі. 22 жніўня 1926 увайшло ў гісторыю горада як Кальмарская крывавая нядзеля: на гэты дзень прэфектура дала дазвол прыхільнікам аўтаноміі на правядзенне мітынгу, але французскія нацыяналісты пры дапамозе жандармерыі напалі на дэманстрантаў і нават паранілі некаторых з іх[5]. З 1940 горад быў заняты войскамі Трэцяга Рэйха, пакуль 2 лютага 1945 яго не вызвалілі войскі антыгітлераўскай кааліцыі. З таго часу ён належыць Францыі.
Славутасці
- Касцёл Св. Марціна (асноўная частка пабудавана ў 1234—1365 гг.)
- Касцёл дамініканцаў (XIII ст.)
- Былы кляштар дамініканак Унтэрліндэн (XIII ст.; цяпер музей)
- Будынак Койфгаус (Старая Мытня; 1480)
- Дом з Галовамі (1609)
- Квартал Харбарау
- Квартал Малая Венецыя
- Музей Бартольдзі — французскага скульптара, аўтара Статуі Свабоды
- 12-метровая копія Статуі Свабоды
- Музей цацак і міні-цягнікоў
Міжнародныя адносіны
Гарады-пабрацімы
- Лука, Італія (1962)
- Шонгау, Германія (1962)
- Сінт-Ніклас, Бельгія (1962)
- Эбінгдан, Вялікабрытанія (1978)
- Айзенштат, Аўстрыя (1983)
- Прынстан, ЗША (1986)
- Дзьёр, Венгрыя (1993)
Гарады-партнёры
Галерэя
- Квартал «Малая Венецыя»
- Будынак Койфгус (Старая мытня)
- Калегіяльная царква Св.Марціна
- Ізенхаймскі алтар у Музеі Унтэрліндэн
- Дом з Галовамі
- Квартал Харбароў
- Чыгуначны вакзал
Зноскі
- ↑ Sandre
- ↑ Base officielle des codes postaux — La Poste, 2018.
- ↑ Histoire du vignoble alsacien Архівавана 20 верасня 2011. Alsace vins : votre site sur les vins alsacien
- ↑ De 823 à 1499 — Des origines à la cité médiévale Office de Tourisme
- ↑ Архівавана 2 кастрычніка 2014.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кальмар (Францыя)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.