Калініна (Узоўскі сельсавет)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Калініна.
Калі́ніна (да 1924 года Сямёнаўка) — вёска ва Узоўскім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 27 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 14 км ад Гомеля, 4 км ад чыгуначнай станцыі Уза (на лініі Жлобін — Гомель).
Гідраграфія
На ўсходзе меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Белічанка (прыток ракі Уза).
Транспартная сетка
Шаша Доўск — Гомель. Планоўка складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад (па абодва бакі шашы), да якой на захадзе далучаецца выгнутая вуліца з завулкам. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Заснавана ў 1848 годзе. Па рэвізіі 1858 года ў валоданні памешчыка Сенажэцкага. З 1876 года працавала крупарушка. У 1883 годзе знаходзіліся карчма, хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: школа граматы, 2 крамы, 3 вятракі, крупарушка, гамарня, карчма. У 1909 годзе — 2361 дзесяціна зямлі, школа, вінная крама, млын, у Рудзянецкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Побач была аднайменная сядзіба.
У 1926 годзе працавалі крама, паштовае аддзяленне, школа. З 8 снежня 1926 года цэнтр Калінінскага сельсавета Уваравіцкага, з 17 красавіка 1962 года Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў жніўні 1941 года разам з часткамі Чырвонай Арміі каля вёскі трымалі абарону гомельскія апалчэнцы. З лістапада 1941 года да чэрвеня 1942 года дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнікі І. Ф. Канцавы і Л. М. Кавальскі). У верасні 1943 года акупанты спалілі 35 двароў. У баях за вёску ў лістападзе 1943 года загінулі 6 савецкіх салдатаў і 3 партызана (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). На франтах загінулі 76 жыхароў вёскі.
У 1959 годзе ў складзе саўгаса «Праўда» (цэнтр — вёска Уза). Змесцаваны аддзяленне сувязі, базавая школа, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт.
У склад Калінінскага сельсавета ўваходзілі да 1973 года пасёлак Новы, да 1990 года вёска Рассветная і пасёлак Гудок (не існуюць).
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 284 гаспадаркі, 704 жыхара.
Дынаміка
- 1858 год — 35 двароў, 227 жыхароў.
- 1883 год — 110 двароў, 1180 жыхароў.
- 1897 год — 165 двароў, 1342 жыхара (паводле перапісу).
- 1909 год — 202 двары, 1433 жыхара.
- 1925 год — 267 двароў.
- 1959 год — 1154 жыхара (паводле перапісу).
- 2004 год — 284 гаспадаркі, 704 жыхара.
Зноскі
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. — 632с.: іл. — Тыраж 4000 экз. — ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.