Кейсарыя
Кейсарыя, гістарычная Кесарыя Палесцінская (у адрозненне ад Кесарыі Філіпавай і інш.) або Цэзарыя — горад у Ізраілі, старажытны горад у Палесціне на ўсходнім беразе Міжземнага мора паміж Яфай і Дорай, які быў пабудаваны Ірадам Вялікім у 2-ой палове 1 ст. да н.э. і названы так у гонар рымскага імператара (ад лац. caesar: цэзар, кесар).
Кесарыя хутка расла, багацела і стала адным з галоўных гарадоў Палесціны. Яна служыла рэзідэнцыяй рымскіх пракуратараў і цэнтрам грамадска-палітычнага жыцця краіны, адыгрывала важную ролю ў гісторыі распаўсюджвання хрысціянства. Паводле Новага Запавету тут апостал Пётр упершыню хрысціў паганца, сотніка Карнілу[1]; тут адбыўся суд над апосталам Паўлам[2].
Пасля разбурэння Іерусаліма Кесарыя зрабілася сталіцай Палесціны. У 198 г. тут адбыўся царкоўны сабор. У 4 ст. тут працаваў пачынальнік царкоўнай гісторыі Яўсевій Кесарыйскі[3].
У часы крыжовых паходаў Кесарыя адыгрывала важную ролю як адна з крэпасцей. Але з 13 ст. пасля яе разбурэння ў 1265 султанам Бібарсам горад пачаў занепадаць і зараз ад Кесарыі Палесцінскай засталіся толькі руіны, за якімі захавалася старажытная назва даўняга горада.[4]
Глядзі таксама: Кесарыя Кападокійская, Кесарыя Маўрытанская, Кесарыя Філіпава.
Зноскі
- ↑ Дзеянні святых апосталаў, X, 1, 21; XI, 11.
- ↑ Дзеянні святых апосталаў, IX, XXI, XXIII, XXV—XXVII.
- ↑ Бракгаўз і Ефрон.
- ↑ Скарына Ф.: Творы… С. 152.
Літаратура
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 152. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
- Кесария // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
- Гістарычны запаведнік «Гавань Кейсарыі» Архівавана 17 мая 2008. (іўрыт) , (англ.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.