Корар
Корар (англ.: Koror) — горад на аднайменным востраве, адміністрацыйны цэнтр і аснова аднайменнага штата у Палау. У 1994—2006 гг. быў сталіцай краіны. Насельніцтва — 8 744 чал. (2013 г.).
Геаграфія
Корар займае аднайменны востраў, плошчай 9,3 км², аддзелены ад Бабелдааба вузкім пралівам (737 м). Асноўная частка вострава мае старажытнае вулканічнае паходжанне. Паўднёвая частка складзена каралавымі адкладаннямі. Рэльеф пераважна раўнінны, з невысокімі пагоркамі, парослымі дрэвамі і хмызнякамі. На поўдні вылучаецца ўнутраная лагуна Ніка, якая выкарыстоўваецца як натуральная гавань. У мала населеных раёнах горада жывуць птушкі, у тым ліку рэдкія віды.
Клімат субэкватарыяльны пасатны, вельмі вільготны. У сезон дажджоў здараюцца тайфуны.
Гісторыя
У старажытнасці Корар быў населены мікранезійцамі, продкамі сучасных палаўанцаў. Да канца XVIII ст. мясцовае насельніцтва было аб’яднана пад уладай адзінага вярхоўнага правадыра. У 1783 г. каля Корара адбылося крушэнне брытанскага карабля «Антылопа». Каманда на чале капітана Генры Вільсана знайшла на 3 месяцы прытулак у вярхоўнага правадыра Ібедула. Гэта паклала пачатак сталым кантактам паміж палаўанцамі і еўрапейцамі. Ібедул накіраваў у Вялікабрытанію свайго сына Лібу, але той памёр у Лондане падчас эпідэміі. Гісторыя пра караблекрушэнне каля Корара і вандроўку Лібу стала шырока вядомай ва ўсіх еўрапейскіх краінах.
У XIX ст. дзякуючы зручнай гавані востраў ператварыўся ў галоўнае месца спынення еўрапейскіх і амерыканскіх мараплаўцаў на Палау. У 1885 г. Корар быў абвешчаны часткай каланіяльных тэрыторый Іспаніі. Тут была адчынена каталіцкая місія, з’явіўся прадстаўнік іспанскай адміністрацыі. У 1899 г. разам з іншымі тэрыторыямі Мікранезіі Корар быў прададзены Германіі і фактычна ператварыўся ў гандлёвы цэнтр Палау.
У 1914 г. захоплены Японіяй. Японцы ператварылі Корар у галоўны адміністрацыйны цэнтр сваіх тэрыторый у Мікранезіі. Быў пабудаваны горад, большая частка жыхароў якога з’яўлялася выхадцамі з Японіі і Карэі. Палаўанцы ператварыліся ў этнічную меншасць. Былі пабудаваны порт, аэрапорт, майстэрні, прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы і сельскагаспадарчай прадукцыі. Насельніцтва Карора ў міжваенны перыяд дасягала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
У 1944 г. Корар быў захоплены амерыканцамі. Большасць японцаў і карэйцаў былі інтэрнаваны на радзіму. У 1947 г. увайшоў у склад тэрыторый, перададзеных ААН у апеку ЗША. Пасля абвяшчэння незалежнасці Палау да 2006 г. выконваў функцыю сталіцы дзяржавы. У нашы дні застаецца найбуйнейшым горадам Палау.
Эканоміка
Корар — галоўны транспартны, прамысловы і фінансавы цэнтр Палау. Працуюць міжнародны порт і міжнародны аэрапорт. У горадзе больш за 20 гасцініц для турыстаў.
Культура
У Корары знаходзяцца Нацыянальны музей Палау, этнаграфічны музей Этпісана, навуковы цэнтр вывучэння каралавых рыфаў, акварыум, Нацыянальны стадыён, Грамадская бібліятэка, двухгадовы Грамадскі каледж і іншыя ўстановы.
Літаратура
- БЭ ў 18 тамах. Т.8, Мн., 1999, С.417
Спасылкі
- Koror State Government
- Islands of Palau
- History of Palau Архівавана 21 студзеня 2014.
Катэгорыя·Населеныя пункты Палау Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.