Краматорск
Краматорск (укр.: Краматорськ) — горад абласнога значэння ў Данецкай вобласці Украіны. Размешчаны ў паўночнай частцы вобласці на р. Казённы Тарэц (прыток р. Северскага Данца). Насельніцтва 208 000 чал. (2016).
З 13 кастрычніка 2014 г. горад фактычна з’яўляецца абласным цэнтрам Данецкай вобласці, дзе знаходзіцца Данецкая абласная ваенна-грамадзянская адміністрацыя і іншыя абласныя ўстановы.
Гісторыя
Горад развіўся з пасёлка пры маленькай чыгуначнай станцыі, пабудаванай у 1868 г., да сучаснага даволі вялікага горада абласнога значэння, прамысловага цэнтра і транспартнага вузла.
Паходжанне назвы
У канцы 60-х гадоў XIX ст. на будаванай у той час Курска-Харкаўска-Азоўскай чыгунцы, каля ракі Казённы Тарэц з’явілася чыгуначная станцыя Краматорск, паблізу якой вырас пасёлак. Спачатку пасёлак называўся Крам на Тарцы, затым паступова назва змянілася на Краматорск.
Гістарычная прыналежнасць
Згодна з археалагічнымі звесткамі, на тэрыторыі сучаснага Краматорска і яго бліжэйшых прадмесцяў людзі сяліліся яшчэ ў старажытныя часы. На паўночна-заходняй ускраіне Краматорску знойдзеныя каменяломні і майстэрні па апрацоўцы крэменю эпохі неаліту, якія працягвалі існаваць і ў перыяд ранняй медзі. У прадмесцях Краматорску даследавана таксама Курганны магільнік металурга-ліцейніка эпохі бронзы.
У другой палове XVII — пачатку XVIII стст. гэтая частка Слабажаншчыны масава засяляецца казакамі Гетманшчыны, прыгоннымі з паўднёвых раёнаў Масковіі і Мардовіі.
У 1767 г. ўрад Расіі аддаў графу Ф. Таранаву 10 тысяч дзесяцін казацкай зямлі, на якіх было заснавана сяло Пятроўка. Пазней гэтыя землі былі прададзены высакароднаму роду Абаза, пасля — замежнікам Іванову, Шабельскаму, Шцейгераву. У выніку ўзніклі новыя паселішчы Абазаўка, Іванаўка, Шабэлькоўка, Шцейгераўка, якія ў далейшым стварылі своеасаблівую агламерацыю — Краматорск.
24 верасня 2008 г. прыняты сцяг і новы герб горада.
12 красавіка 2014 г. выканкам і гараддзел міліцыі былі захоплены сепаратысцкім Народным апалчэннем Данбаса, а пазней горад абвешчаны часткай самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі (афіцыйна афіцыйна забароненая ў Украіне, і з’яўляецца тэрарыстычнай[2]). 5 ліпеня пад націскам урадавых войск, якія занялі Славянск, сепаратысты пакінулі кантрольна-прапускныя пункты ў Краматорску, пасля чаго горад быў узяты пад кантроль. У кастрычніку 2014 г. у Краматорск пераехала Данецкая абласная ваенна-грамадзянская адміністрацыя.
10 лютага 2015 г. жылыя кварталы горада і аэрадром падвергліся абстрэлу з РСЗА з паўднёва-паўднёва-ўсходняга напрамку.
Насельніцтва
Паводле дадзеных перапісу 2001 года 31,06 % адзначылі роднай мовай украінскую, 67,87 % — рускую, а 1,07 % — іншую[3].
Паводле нацыянальнага складу ўкраінцы складалі 70,2 %, рускія — 26,9 %, беларусы — 0,7 %, а іншыя — 2,2 %.
Вядомыя асобы
- Алег Рыгоравіч Мартыненка (1936—2012) — савецкі і беларускі фізік.
Зноскі
- ↑ http://www.ukrstat.gov.ua/druk/publicat/kat_u/2016/zb/06_1/zb_chnnu2016pdf_.zip
- ↑ Генпрокуратура объявила ДНР и ЛНР террористическими организациями
- ↑ Розподіл населення за рідною мовою на ukrcensus.gov.ua Архівавана 31 ліпеня 2014.
Літаратура
- Краматорск // БЭ ў 18 тамах. Т.8, Мн., 1999, С.446
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Краматорск
Катэгорыя·Населеныя пункты Краматорскага гарсавета Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Данецкай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.