wd wp Пошук:

Кучумава гарадзішча

Горад Сібір на карце Герарда Меркатара (1595 г.)

Кучумава гарадзішча (руск.: Кучумово городище) — помнік археалогіі на месцы горада Кашлык (іншыя назвы: Сібір, Іскер, Ібір), сталіцы Сібірскага ханства. Мае статус гістарычнага помніка федэральнага значэння ў Расіі[1]. Месціцца на правым беразе ракі Іртыш за 17 км ад Табольска, Цюменская вобласць (Расія).

Кашлык

Згодна з археалагічнымі дадзенымы, Кашлык узнік не раней за канец XIV ст. - пачатак XV ст. як умацаванае паселішча на высокім узвышшы пры зліцці рэк Сібірка і Іртыш. Татары называлі гэтае ўзвышша алагфалы, што значыла “ўладарская зямля”. Мяркуецца, што назва першай ракі дала найменне горада як Сібір або Ібір, пазней яно распаўсюдзілася на ўсе сібірскія тэрыторыі. Этымалогія назвы Сібір спрэчная. Мяркуецца, што слова паходзіць з мангольскай мовы, у татарскую мову і еўрапейскія мовы трапіла праз арабскую[2], прычым раней за заснаванне горада. Другое распаўсюджанае найменне Кашлык значыць “зімовы стан”, “стацыянарнае паселішча”. Назва Іскер пачала ўжывацца ўжо пасля падзення сталіцы і значыла “старое гарадзішча”.

Заснавальнікі горада з выгодай выкарысталі натурпальныя ўмацаванні — абрывы і схілы. На паўднёвым захадзе, найбольш уразлівым напрамку, меліся тры лініі роваў, валоў і драўляных сцен. З пляцоўкі ўздоўж сцен вёўся абстрэл праціўніка з лукаў. Каля пляцоўкі месціліся металургічныя майстэрні. Насельніцтва ўмацаванай часткі было малым. Нават жонкі хана знаходзіліся ў суседніх улусах. Нешматлікія рамеснікі жылі ў цагляных або драўляных хацінах. Згодна апісанням, пры хане Кучуме дзейнічала мячэць. Знойдзены рэшткі ханскага палаца і гарнізонных пабудоў. З заходняга боку ад умацаванай часткі існаваў рамесны пасад. Яго жыхары былі металургамі, апрацоўшыкамі косці і скур, земляробамі, трымалі свойскую жывёлу, актыўна займаліся рыбалоўствам. Кашлык з’яўляўся цэнтрам міжнароднага гандлю. Археолагамі знойдзены манеты з розных краін.

У XIX ст. высоўвалася думка, што да хана Кучума існаваў нейкі іншы горад Сібір, дзе жылі ўладары Сібірскага ханства, аднак яна ніяк не была падцверджана. Пасля бітвы на Чувашавым мысе ў 1482 г. Кучум без бою заставіў Кашлык, куды ўвайшлі казакі Ярмака. Гэты гістарычны момант доўгі час тлумачыўся ў расійскай гістарыяграфіі тым, што Кучум паходзіў з Цэнтральнай Азіі і ўспрымаўся мясцовымі жыхарамі як чужынец, а таму не разлічваў на іх падтрымку. Аднак у апошнія гады даводзіцца думка, што Кучум быў звыклы да качавога ладу жыцця і сур’ёзна не ўспрымаў згубу горада[3]. У канцы XVI ст. горад быў пакінуты яго жыхарамі.

Навуковыя даследаванні

Адным з першых, хто наведаў і даў навуковае апісанне месца, дзе знаходзіўся Кашлык, быў Г. Ф. Мілер у 1734 г. Ужо ў яго час захавалася толькі круглявая пляцоўка без пабудоў. Гарадзішча моцна пацярпела ад здабытчыкаў салетры, што працавалі тут ў гады кіравання Міхаіла Фёдаравіча[4]. У 1830-я гг. з’явіўся дэталёвы план месца. Сістэматычныя апісанні пачаліся толькі ў апошняе дваццацігоддзе XIX ст. У 1900 г. у Казанскім універсітэце была складзена калекцыя рэчаў з Кучумава гарадзішча. У 1901 г., калі месца наведалі археолагі, яго плошча скарацілася ўтрая з-за абвалаў у раку Іртыш. Раскопкі пачатку XX ст. былі выбарачныя. Галоўным чынам даследаваліся пахаванні.

Найбольш важныя археалагічныя раскопкі арганізоўваліся ў 1915 г., 1961 - 1969 гг. У выніку апошніх раскопак было выяўлена і апісана некалькі коплексаў:

  • Першы схіл. Знаходкі на глыбіні 90 - 140 см. Выяўлены рэшткі 2 будынкаў. Мяркуецца, што адзін з іх выкарыстоўваўся для металургічнай вытворчасці.
  • Цэнтральная частка і паўднёвы схіл. Выяўлена некалькі будынкаў, што ставіліся на драўляных слупах. Падземная частка для захавання абмазвалася глеям або абгортвалася бярозавай карой.
  • Суседняе ўзвышша, значна парушанае абваламі. Меркавана, жылая частка, пасад.

Рэчавыя знаходкі эпохі сярэднявечча не былі багатымі — кавалкі керамікі, рэшткі касцяных і металічных вырабаў. Ужо падчас раскопак 1915 г. стала зразумела, што гарадзішча не аднойчы рабавалася.

Зноскі

  1. Археологи исследуют Кучумово городище и Чимги-Туру
  2. Гл.: Бояршинова, З.Я. Население Западной Сибири до начала русской колонизации. — Томск: Издательство Томского университета, 1960
  3. Маслюженко Д., Рябинина Е. Почему Кучум не стал защищать Искер? // Присоединение Сибири к России: новые данные. Материалы Всероссийской научно-практической конференции с международным участием. Тюмень: Издательство Тюменского государственного университета, 2014. С. 139 - 144.
  4. Белич И. ЧЕРТЕЖ «КУЧЮМОВО ГОРОДИЩЕ И СТАРАЯ СИБИРЬ» ИЗ «ХОРОГРАФИЧЕСКОЙ ЧЕРТЕЖНОЙ КНИГИ» С.У. РЕМЕЗОВА К 300-летию составления первого русского географического атласа Сибири

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be