wd wp Пошук:

Луба (дзяржава)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Луба. Луба́ — гістарычная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Сфарміравалася ў канцы XVI ст. Страціла незалежнасць пасля 1889 г.

Гісторыя

Першапачатковым цэнтрам дзяржавы Луба з’яўлялася мясцовасць вакол возера Упемба, куды ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. мігрыравалі плямёны банту. Да пачатку 2 тысячагоддзя н. э. яны сфарміравалі арыгінальную культуру земляробаў і рыбаловаў. У XVI ст. у раён Упембы перасяліліся прадстаўнікі паўночнага племені санг’е. Адзін з перасяленцаў ажаніўся з сястрой мясцовага ўладара Кангола Маніема. Яго сын Калала Ілунга разглядаўся ў дзяржаве Луба як важны культурны герой і першы манарх, які атрымаў уладу ў выніку змагання з дзяцькам. Усе наступныя манархі Лубы вялі свой род ад Калалы Ілунгі.

На працягу XVII - XIX стст. дзяржава Луба імкліва пашырала свае межы. На поўначы яны дасягалі сярэдняй плыні ракі Конга, на ўсходзе — возера Танганьіка. Апошнім паспяховым заваёўнікам з’яўляўся манарх Ілунга Сунгу, які памёр у 1810 г. Давід Лівінгстан заўважаў, што поспех Лубы быў у значнай ступені абавязаны саюзам з суседняй дзяржавай Лунда. Яна затуляла з захаду ад партугальскіх заваёўнікаў. З дапамогай караваннага гандлю Луба была звязана з узбярэжжамі Атлантычнага і Індыйскага акіянаў, адкуль прывозілі ракавіны малюскаў, што выкарыстоўваліся ў якасці грошай, еўрапейскія і арабскія тавары. Наўзамен жыхары Лубы прадавалі медзь, пальмавы алей, соль, рабоў. У XIX ст. асабліва прыбытковым стаў гандаль слановай косцю.

У другой палове XIX ст. грозным супернікам Лубы сталі мусульмане, выхадцы з узбярэжжа Індыйскага акіяна. Першапачаткова яны выступалі ў якасці гандляроў, арганізатарамі караванаў. Захоп ўзбярэжжа еўрапейскімі краінамі і паступовы заняпад гандлю рабамі вымусілі іх захопліваць тэрыторыі ў глыбіні Афрыкі. Дзякуючы агнястрэльнай зброе яны атрымлівалі ваенную перавагу. Каля 1889 г. большая частка дзяржавы Луба апынулася пад кантролем гандляра Тыпу Тыпа. У 1891 г. далучана да бельгійскіх калоній.

Кіраванне

На чале дзяржавы Луба стаялі манархі мулопвэ, якія вялі свой род ад Калалы Ілунгі. Аднак іх непасрэдная ўлада распаўсюджвалася на адносна невялікую плошчу вакол рэзідэнцыі. На месцах кіравалі правадыры балопвэ. Многія з іх былі звязаны сваяцтвам з манархамі. У гэтай сувязі еўрапейскія вандроўнікі XIX ст. называлі Лубу імперыяй.

У Лубе не існавала пісьма. Вусная гістарычная традыцыя перадавалася праз “людзей памяці”, што ўтваралі ўплывовае патаемнае таварыства бамбуд’е.

Эканоміка

Асноўнай галіной эканамічнай дзейнасці з’яўляліся ручное земляробства, рыбалоўства, паляванне, гандаль. Жыхары Лубы здабывалі жалеза, медзь, соль. Распаўсюджаныя рамёствы: апрацоўка металаў, выраб керамікі і тканін. У другой палове XVIII - XIX стст. асабліва важную роль набыў гандаль рабамі і слановай косцю. У якасці валюты выкарыстоўваліся ракавіны малюскаў, што дастаўляліся з узбярэжжа Індыйскага акіяна.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be