wd wp Пошук:

Лунда (дзяржава)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лунда.

Лу́нда — гістарычная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Сфарміравалася меркавана ў канцы XVI ст. Страціла незалежнасць пасля 1887 г. Галоўным палітычным цэнтрам з’яўляўся горад Мусумба.

Гісторыя

Дзяржава Лунда ўзнікла да канца XVI ст. на тэрыторыі плато Лунда, дзе меліся спрыяльныя ўмовы для развіцця трапічнага земляробства. Брытанскі гісторык Х’ю Томас лічыў, што продкі народа лунда прыйшлі ў Цэнтральную Афрыку з паўднёвага ўсходу і першасна ўяўлялі сабою вандроўныя ваенныя фарміраванні, якія здзяйснялі напады на земляробаў і практыкавалі канібалізм[1]. Яны замацаваліся сярод заваяваных імі тубыльцаў плато Лунда толькі ў другой палове XVII ст. Аднак фальклор лунда звязвае ўзнікненне дзяржавы з Ілунгам Тшыбіндам, сынам манарха дзяржавы Луба. Ён ажаніўся з дачкой правадыра мясцовай сельскай абшчыны і захаваў тытул свайго цесця мваат яаў.

Ужо ў другой палове XVII ст. дзяржава Лунда кантралявала плошчу каля 150 тысяч км². Да сярэдзіны XIX ст. яна падвоілася. Акрамя таго, ад дзяржавы Лунда залежылі суседнія народы. У XVII - XVIII стст. выхадцы з Лунды заснавалі дзяржаўныя ўтварэнні каля возера Танганьіка і на тэрыторыі Замбіі. Лунда адыгрывала значную ролю ў гандлі рабамі, якіх дастаўлялі да ўзбярэжжаў Атлантычнага і Індыйскага акіянаў. У 1850 г. каля траціны рабоў, што вывозіліся з Афрыкі, захопліваліся выхадцамі з дзяржавы Лунда.

У другой палове XIX ст. Лунда была саслаблена заваёўніцкай палітыкай чоквэ. У 1887 г. чоквэ захапілі мясцовасць вакол Мусумба-Кекесэ і такім чынам паклалі канец яе незалежнасці. У 1908 г. улады Бельгійскага Конга прызналі мваат яаў як традыцыйнага кіраўніка з рэзідэнцыяй у Мусумба-Кекесэ. Гэты тытул і аўтаномнае кіраванне захоўваюцца да нашых дзён.

Кіраванне

Манархі мваат яаў былі сакралізаванымі ўладарамі. Галоўным цэнтрам іх валоданняў з’яўлялася мясцовасць у раёне сучаснага горада Мусумба. Астатнія тэрыторыі кантраляваліся мясцовымі правадырамі лунда або правадырамі заваяваных плямён. Такія правадыры мелі тытул уладальнікаў мваат. Яны павінны былі падпарадкоўвацца мваат яаў і выплочваць штогадовую даніну, пераважна прадуктамі сельскай гаспадаркі.

Функцыянаванне дзяржавы падтрымлівалі чыноўнікі кавата. Яны правяралі даніну, суправаджалі гандлёвыя караваны і іншаземцаў, наведвалі аддаленыя землі, выступалі дарадцамі.

Зноскі

  1. Hugh Thomas, The Slave Trade: The Story of the Atlantic Slave Trade, 1440-1870. P. 167

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be