wd wp Пошук:

Любляна

Любляна (славенск.: Ljubljana , ням.: Laibach, італ.: Lubiana) — самы вялікі горад і сталіца Славеніі. Насельніцтва — 323 тыс. чал. (1990). Горад размешчаны ў межгорнай катлавіне, па абодвух берагах ракі Любляніцы, каля яе ўпадзення ў раку Саву.

Гісторыя

У I ст. на месцы горада быў размешчаны ўмацаваны рымскі ваенны лагер, які затым стаў горадам Эмона (знішчаны варварамі ў V ст.). Як славянскае селішча Любляна ўпершыню згадваецца ў 1144 г. У XIII ст. атрымала правы горада (нямецкая назва — Лайбах), адміністрацыйны цэнтр Крайны. У 1335 г. горад перайшоў у валадарства аўстрыйскіх Габсбургаў. З XV ст. рэзідэнцыя біскупа. З 1809 г. галоўны горад Ілірыйскіх правінцый, створаных па распараджэнні Напалеона I. Пасля Венскага кангрэса (1814—1815) далучана да Аўстрыйскай імперыі. У 1821 г. тут праходзіў кангрэс Святога саюза (Лайбахскі кангрэс), на якім прысутнічаў расійскі імператар Аляксандр I. З 1918 г. у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 г. — Каралеўства Югаславія) у якасці сталіцы Славеніі. У красавіку 1941 г. акупаваная войскамі Італіі, з 1943 г. — Трэцяга рэйха. У маі 1945 г. горад вызвалены Народна-вызваленчым войскам Югаславіі.

Культура

З антычных часоў у Любляне захаваліся астаткі акведука, некропаля і гарадскіх умацаванняў. Гістарычнае ядро горада — крэпасць Град (IX ст.).

У горадзе размешчаныя Люблянскі ўніверсітэт (заснаваны 1595—1596 гг. як езуіцкі каледж, рэарганізаваны 1809—1810 гг. і ў 1919 г.), Славенская Акадэмія навук і мастацтваў, Вышэйшая педагагічная школа, Славенская філармонія (заснаваная ў 1702 г.), Нацыянальная бібліятэка Славеніі і ўніверсітэцкая бібліятэка (заснаваная ў 1774 г.), Нацыянальная і Сучасная галерэі, Нацыянальны і этнаграфічны музей Славеніі.

Архітэктура

Архітэктурнае аблічча Любляны — стыль барока: Палац біскупа (XVI ст.), сабор Святога Мікалая (пачатак XVIII ст.; архітэктар А. Поца), ратуша (пачатак XVIII ст.; архітэктар Г. Мачэк), некалькі цэркваў XVII—XVIII стст., Гатэль «Уньён», будынак універсітэцкай бібліятэкі (пачатак XX ст.; мадэрн; архітэктар Й. Плечнік), будынак Народнай скупшчыны (1950-я гг.; архітэктар У. Гланц), спартыўная зала «Ціволі», Дом друку (1960-я гг.; архітэктары М. Боціч, Б. Коцмут).

Зноскі

  1. 1 2 Population by age groups and sex, municipalities, Slovenia (нявызн.). Праверана 31 ліпеня 2008.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be