wd wp Пошук:

Ліворна

Ліворна (італ.: Livorno) — найбуйнейшы порт Тасканы, адміністрацыйны цэнтр аднайменнай правінцыі. Размешчаны на заходнім беразе Лігурыйскага мора ў натуральнай бухце, у некалькіх мілях на поўдзень ад вусця ракі Арно, у атачэнні нізкіх Ліворнскіх пагоркаў. Заступнікам горада лічыцца Іўлія Карфагенская. Свята горада 22 мая.

Гісторыя

Упершыню Ліворна згадваецца ў 1017 годзе як рыбацкая вёсачка ў некалькі хат. Графіня Мацільда паднесла (1103) гэтыя землі ў дарунак пізанскім клірыкам. У XIV стагоддзі грамадзяне Пізы заняліся ўмацаваннем прыморскага паселішча, а на зыходзе стагоддзя прадалі яго сеньярыяльнаму роду Вісконці. Пасля нядоўгага перыяду генуэзскага валадарства (14071421) кантроль над вусцем Арно займелі фларэнтыйцы.

Ліворна абавязаны сваім ператварэннем у горад і цяперашнім значэннем кіраўнікам з роду Медычы. З прычыны заглейвання гавані старажытнай Пізы герцаг Козіма I у 1571 загадаў прыдворнаму горадабудаўніку Бернарда Буанталенці ператварыць Ліворна ў новыя марскія вароты сваёй дзяржавы[1]. Тут знаходзілі прыстанак іншадумцы з розных краін Еўропы: праследуемыя ў Англіі каталікі, выгнаныя з Іспаніі яўрэі і маўры, выхадцы з Грэцыі, якая патрапіла пад уладу Асманскай Імперыі і г.д. Яны жылі за кошт гандлю, ператварыўшы Ліворна XVII стагоддзя ў буйны камерцыйны цэнтр Міжземнамор’я.

Герцаг Леапольд з дынастыі Габсбургаў у канцы XVIII стагоддзя заняўся добраўпарадкаваннем горада: пашырыў яго межы, прыцягнуў у гавань замежныя купецкія судны, загадаў збудаваць хвалярэз. Напачатку XIX стагоддзя праз Ліворна прыбывалі ў Таскану знакамітыя падарожнікі і паэты, тут жылі Байран і Шэлі[1].

На кангрэсе ў Ліворна 21 студзеня 1921 года была заснавана Італьянская камуністычная партыя (першапачатковая назва Камуністычная партыя Італіі).

У гады Другой сусветнай вайны горад моцна пацярпеў ад бамбардзіровак, але паступова быў адбудаваны. У 1950-я гады падвергся рэканструкцыі і гарадскі сабор XVI стагоддзя.

Славутасці

Ліворна перасякаюць каналы, якія злучаюць мора з ракой Арно, што вядзе праз Пізу да Фларэнцыі. Пра часы Медычы нагадваюць дзве крэпасці XVI стагоддзя, старая і новая, мармуровы помнік герцагу Фердынанду I (1595) і бронзавая скульптурная група «Чатыры маўры» (1624).

Уздоўж узбярэжжа пракладзены маляўнічы праменад, абапал якога размясціліся арыстакратычныя вілы, санаторыі, аквапаркі і кампус Італьянскай ваенна-марской акадэміі[1].

Суднабудаванне

Ліворна — цэнтр італьянскага караблебудавання. Напачатку XX стагоддзя горад быў вядомы верфямі Арланда. Тут, у прыватнасці, быў пабудаваны (1911) браняносец «Георгіяс Авераф», які стаў флагманам грэчаскага флоту ў пераможных для Грэцыі Балканскіх войнах і ў Першай сусветнай вайне, і ўнёс значны ўнёсак у вызваленне астравоў Эгейскага мора ад турэцкага панавання. «Георгіяс Авераф» пераўтвораны ў карабель-музей і цяпер пастаўлены на вечны прыкол у прыгарадзе Афін Палья Фаліра.

Гарады-пабрацімы

Зноскі

  1. 1 2 3 Ліворна ў Брытанскай энцыклапедыі
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be