Ліма
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ліма (значэнні).
Ліма (ісп.: Lima) — самы буйны горад, сталіца Перу, цэнтр дэпартамента Ліма. Плошча горада 804 км², разам з прыгарадамі 4310 км². Знаходзіцца на раўніне паміж падножжам Андаў і ўзбярэжжам Ціхага акіяна, на рацэ Рымак. Буйнейшы транспартны вузел краіны, праходзіць Панамерыканская шаша. Марскі порт — Кальяа, амаль зліўся з Лімай. Міжнародны аэрапорт Хорхэ Чавеса. Галоўны эканамічны і культурны цэнтр краіны. Патронка горада — Роза Лімская.
Гісторыя
Заснаваны ў 1535 годзе іспанскім канкістадорам Франсіска Пісара. У 16-пачатку 19 стагоддзя цэнтр іспанскіх каланіяльных уладанняў у Паўднёвай Амерыцы і сталіца і віцэ-каралеўства Перу. У 1551 годзе заснаваны Каталіцкі ўніверсітэт (старэйшы ў Паўднёвай Амерыцы). Пасля абвяшчэння незалежнасці ад Іспаніі ў 1821 годзе Ліма — сталіца рэспублікі Перу. У 1687 і 1746 гадах горад зруйнаваны землетрасеннямі. З 1839 года выдаецца газета «El Comercio». У Ціхаакіянскую вайну 1864-66 і Салетравую вайну горад акупіравалі войскі Чылі. Ліма доўгі час (з 1884 па 1929 год) знаходзілася ў стане глыбокага эканамічнага крызісу. Толькі к 1930-м гадам становішча горада пачало стабілізавацца. Аднак у перыяд палітычнай нестабільнасці, якая доўжылася з сярэдзіны 1940-х гадоў да пачатку 1990-х, у сталіцы зноў адзначаліся масавае беспрацоўе і высокі ўзровень інфляцыі.
З 1993 года ў эканоміцы Перу азначыўся некаторы прагрэс, на пачатку 1994 эканоміка сталіцы і краіны ў цэлым пачала стабільна развівацца. У цяперашні час эканоміка-палітычную абстаноўку ў Ліме можна ахарактарызаваць як стабільную.
Насельніцтва
Дынаміка насельніцтва не ўлічвае прыгарадаў Лімы і горад-спадарожнік Кальяа.
|
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Архітэктура і памятныя мясціны
Горад захаваў прамавугольную сетку вуліц каланіяльнага часу. У цэнтры — Стары горад з архітэктурнымі помнікамі, на паўночным захадзе — прамысловы раён, на паўднёвым захадзе — дзелавыя кварталы, на поўдні і паўднёвым усходзе — раёны асабнякоў. Вакол галоўнай плошчы Пласа дэ Армас знаходзяцца Кафедральны сабор Лімы (1572—1797), Палац прэзідэнта (1937-38, неакаланіяльны стыль). У 16-18 стагоддзях у стылі барока пабудаваны комплексы кляштараў (Сан-Франсіска, 1556—1624; Санта-Дамінга, сярэдзіна 16 стагоддзя; Ла Мерсед, 1628-30) і цэрквы са складанай разьбой на парталах і ў інтэр’ерах, палацы (Торэ-Талье, 1735), жылыя дамы з унутранымі дварамі, драўлянымі балконамі, ляпнымі парталамі. У 19 стагоддзі будавалі ў духу эклектызму, у 1-й палове 20 стагоддзя — у «неаперуанскім стылі» (будынак Саюза архітэктараў, 1947), у 2-й палове 20 стагоддзя — у стылі тагачаснай амерыканскай і еўрапейскай архітэктуры (жылы раён Магутэ, 1952). Гістарычны цэнтр Лімы ўнесены ЮНЕСКА ў 1991 годзе спіс Сусветнай спадчыны[3].
Эканоміка
Ліма і яе прыгарады вырабляюць 80 % прадукцыі апрацоўчай прамысловасці Перу. Тут сканцэнтраваны металаапрацоўчая, хімічная, тэкстыльная, абутковая, рыбаперапрацоўчая, электрабудаўнічая, аўтамабільная прамысловасці. Таксама ў сталіцы сканцэнтраваны ўсе фінансавыя і банкаўскія цэнтры дзяржавы. У горадзе вялікая колькасць прадстаўніцтваў офісаў замежных карпарацый і кампаній. Даволі інтэнсіўна развіваецца турыстычны бізнэс.
Навука і адукацыя
Універсітэты, у тым ліку Сан-Маркас (з 1551), 3 акадэміі навук.
Транспарт
Музеі
- Музей золата ў Перу
- Музей Ларка
- Нацыянальны музей перуанскай культуры
- Нацыянальны музей антрапалогіі і археалогіі
- Музей натуральнай гісторыі «Хаўер Прада»
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Хавьер Перэс дэ Куэльяр, 5-ы Генеральны сакратар ААН
- Алан Гарсія, прэзідэнт Перу
- Ісабель Альендэ, чылійская пісьменніца
- Іма Сумак, перуанская оперная спявачка
- Барыс Вальеха, амерыканскі мастак
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 259. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
- Henry A. Dietz: Urban poverty, political participation, and the state. Lima, 1970—1990. University of Pittsburgh Oress, Pittsburgh 1998 (тэкст цалкам)
- Peter Faecke: Lima, die Schöne, Lima, die Schreckliche. Edition Köln, Köln 2005, ISBN 3-936791-16-3
Зноскі
- ↑ http://www.munlima.gob.pe/lima Праверана 24 жніўня 2018.
- ↑ http://www.inei.gob.pe/Anexos/libro.pdf
- ↑ ЮНЕСКА: Запіс аб унясенні Старога горада Лімы ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
Катэгорыя·Населеныя пункты Ліманоўскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Малапольскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Астраханскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.