wd wp Пошук:

Мала-Страна

Краявід Мала-Страны з Петршынскага ўзгорка

Ма́ла-Стра́на (Malá Strana) — «Пражскі малы град», гістарычны раён Прагі, размешчаны ніжэй Градчанаў і злучаны з ядром горада Карлавым мостам.

Вузкія вуліцы, плошчы і сады гэтага раёна ляжаць ля падножжа двух узгоркаў: узгорак, на якім размешчаны Пражскі град, абмяжоўвае Мала-Страну з поўначы, а парослы дрэвамі Петршын — з поўдня.

Першыя паселішчы на Мала-Стране ўзніклі меркавана яшчэ ў першым тысячагоддзі нашай эры, у раёне сучаснай Маластранскай плошчы. Менавіта тут праходзіў гандлёвы шлях з усходу на захад праз влтаўскія парогі па гасцінцы, дзе ў нашы дні знаходзяцца вуліцы Нерудава і Уваз. У часы кіравання Уладзіслава I на месцы разбуранага паводкай драўлянага моста цераз Влтаву ў 1158—1172 гадах быў пабудаваны каменны мост, названы ў гонар жонкі караля Юдзіф. Гэта стала грандыёзнай падзеяй, таму што ў той час у Цэнтральнай Еўропе існавалі толькі два каменныя масты — праз Дунай у Рэгенсбургу і праз Эльбу ў Дрэздэне.

Эканамічны эфект таксама быў відавочны. Новы мост быў больш устойлівым як да паводак, так і да коннага транспарту са значна большай грузападымальнасцю, які перамяшчаўся па ім. Гэта спрыяла развіццю і росту насельніцтва Мала-Страны, усталяванню больш цесных сувязяў з іншымі пражскімі паселішчамі па абодвух берагах Влтавы.

У 1257 г. чэшскі кароль Пржэмысл Отакар II заснаваў «Малы горад Пражскі», па яго загадзе былі пабудаваны гарадская сцяна і абарончыя ўмацаванні. Пры Карле IV гэты раён быў у паўднёвай частцы значна пашыраны і заканчваўся каля Петршына, а ў 1360 годзе яго акружылі сцяной, якая атрымала назву «Галодная».

З-за таго, што Мала-Страна ўяўляла сабой стратэгічна важнае месца для абароны града, падчас Гусіцкіх войнаў яе некалькі разоў спусташалі. Непрыяцельскія бакі мэтанакіравана знішчалі будынкі, каб вораг не мог знайсці ў іх сховішча.

У першай палове 17 стагоддзя падчас міжусобіц і Трыццацігадовай вайны, якая бушавала тады ў Еўропе, Мала-Страна, як і іншыя пражскія гарады, неаднаразова перажывала рабаванні і спусташэнні. Так, у 1611 г. яе разрабавалі найміты князя-біскупа Пасау Леапольда Аўстрыйскага, а ў 1648 г. Мала-Страна была захоплена шведамі.

Другая палова 17 стагоддзя і 18 стагоддзе — час, калі Мала-Страна перажывае бурнае будаўніцтва. Тут ствараюцца новыя ўмацаванні і фартыфікацыйныя збудаванні, будуюцца выдатныя барочныя палацы для новых гаспадароў.

У Новы час Мала-Страна ператварылася ў раён пышных барочных палацаў і замежных пасольстваў; да Другой сусветнай вайны асноўную частку жыхароў складалі немцы[крыніца не пазначана 3204 дня].

Славутасці

Ажыўленая вулачка Мала-Страны

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Раёны Прагі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be