Марыупаль
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Марыупаль (значэнні).
Марыупаль[2] (укр.: Маріуполь) — горад у Данецкай вобласці Украіны на беразе Азоўскага мора ў вусці рэк Кальміўс і Кальчык. Насельніцтва — 440 367 чалавек (2019). Раён кампактнага пражывання грэкаў.
Уваходзіць у дзясятку буйнейшых гарадоў Украіны, з’яўляецца найважнейшым прамысловым і эканамічным цэнтрам краіны. Адзін з найвялікшых вялікіх цэнтраў металургіі і машынабудавання, тут вырабляецца найбольшая колькасць чыгуну і сталі ў краіне, працуе найбуйнейшы машынабудаўнічы завод Украіны. Буйны марскі порт. Кліматычны і бальнеалагічны курорт.
Марыупаль у канцы XX – пачатку XXI стст. сутыкнуўся з экалагічнымі і эканамічнымі праблемамі.
Назва
Сучасная назва ўтворана з асабістага імя Марыя і грэчаскага слова поліс (стар.-грэч.: πόλις — «горад») і значыць «Горад Марыі», у гонар Марыі Фёдараўны — спадчынніцы расійскага імператарскага стальца.
Гісторыя
Марыупаль быў заснаваны ў XVI стагоддзі як казацкі вартавы пост («зымовнык») спачатку пад назвай «Дамаха», а пазней як казацкая крэпасць пад назвай «Кальміус» (па назве размешчанай тут ракі). У 1611 годзе стаў адміністрацыйным цэнтрам «Кальміускай Паланкі» — адміністрацыйнай адзінкі ўкраінскіх казакоў.
З 1774 года тэрыторыя сучаснага горада стала належыць Расійскай Імперыі, згодна з Кючук-Кайнарджійскай мірнай дамовай. У 1778 годзе тут быў заснаваны першы на тэрыторыі сучаснага Данбаса горад — Паўлаўск, з’явілася першая царква. Праз адзін год расійскі царскі ўрад вырашыў перасяліць сюды 18408 грэкаў з Крыма. Перасяленнем грэкаў з Крыму кіраваў мітрапаліт Ігнат, які затым доўгі час кіраваў горадам. З 29 верасня 1779 года горад мае цяперашнюю назву — Марыупаль.
Доўгі час Марыупаль з’яўляўся месцам выключнага пражывання грэкаў, развіваўся як буйны цэнтр гандлю і рыбнай лоўлі. У XIX стагоддзі горад стаў цэнтрам Марыупальскага павета — адміністрацыйнай адзінкі Расійскай Імперыі.
У 1882 годзе пабудавана чыгунка, якая злучыла Марыупаль з Данецкам. 29 жніўня 1889 года адкрыты марскі порт. Пачала развівацца цяжкая прамысловасць — 1 лютага 1897 года пабудаваны завод «Нікапаль-Марыупальскія грамадства», а ў 1899 пабудаваны завод «Рускі Провіданс» (цяпер гэтыя два заводы ўваходзяць у склад Марыупальскага металургічнага камбіната імя Ілліча). Да 1920 года горад стаў адным з найбуйнейшых металургічных цэнтраў дзяржавы.
Савецкая ўлада ў горадзе была ўстаноўлена 30 снежня 1917 года ў выніку ўзброенага паўстання, але практычна без ахвяр. З 7 сакавіка 1923 года па 27 лютага 1932 года горад быў цэнтрам Марыупальскай акругі — адміністрацыйнай адзінкі Украінскай ССР, а з 17 ліпеня 1932 года ўвайшоў у склад Сталінскай вобласці. У савецкі перыяд гісторыі горада, Марыупаль значна павялічыўся, насельніцтва горада павялічылася больш чым у дзесяць разоў, з’явіліся першыя шматпавярховікі, унутрыгарадскі транспарт (трамваі і тралейбусы), з’явіліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку металургічны завод «Азовсталь» (11 жніўня 1933 года), коксахімічны завод «Маркохім» (27 верасня 1935 г.) і машынабудаўнічы завод «Азовмаш» (28 красавіка 1958).
Вялікія страты горад панёс у выніку галадамораў 1921—1922, 1932—1933, 1946—1947 гадоў, сталінскіх рэпрэсій 1933 і 1937 гадоў, генацыду грэчаскага народа сіламі НКУС у 1937 годзе, а таксама ў часы Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі горада ў 1941—1943 гг. Аднак жыхары Марыупаля хутка аднавілі разбураныя падчас вайны заводы і жылыя кварталы горада. З 22 кастрычніка 1948 года па 13 студзеня 1989 года горад меў назву Жданаў (у гонар савецкага палітычнага дзеяча).
Узброены канфлікт на Усходзе Украіны
Увесну 2014 года ў Марыупалі адбывалася процістаянне прарасійскіх элементаў і ўкраінскіх сілавікоў. Урэшце, горад застаўся падкантрольным Украіне.
24 студзеня 2015 года ў выніку абстрэла горада сіламі ДНР загінула 30, паранена 97 чалавек.
Насельніцтва
Насельніцтва Марыупаля складае 440 367 чалавек (2019). Максімальная колькасць насельніцтва — 529.000 чалавек назіралася ў 1989 годзе.
Нацыянальны склад: украінцы каля 48 %, рускія — 43 %, грэкі — 7 %, а таксама беларусы, яўрэі, армяне, балгары і іншыя народы.
Абсалютная большасць насельніцтва (каля 87 %) размаўляе на рускай мове, украінскай мовай карыстаецца менш за 10 % насельніцтва. Адметнай асаблівасцю горада з’яўляюцца мясцовыя грэчаскія мовы (мовы «грэкаў Прыазоўя»): румейскай мова (грэка-элінская) і ўрумскай мова (грэка-татарская). На мясцовых грэчаскіх мовах размаўляюць 2 % насельніцтва.
Прамысловасць
У горадзе маецца вялікая колькасць буйных прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку найбуйнейшае прадпрыемства Данбаса — Марыупальскі металургічны камбінат імя Ілліча, а таксама металургічны завод «Азовсталь», машынабудаўнічы завод-гігант «Азовмаш», суднарамонтны завод, прадпрыемствы хімічнай, коксахімічнай, харчовай і лёгкай прамысловасці. Найбуйнейшыя транспартныя прадпрыемствы: гандлёвы марскі порт, аэрапорт, чыгуначны вакзал, аўтавакзалы і ўнутрыгарадскі транспарт (трамвай, тралейбус, аўтобус, маршрутныя таксі).
Адміністрацыйны падзел
Марыупаль падзяляецца на чатыры адміністрацыйных раёны з колькасцю насельніцтва больш за 100 000 чалавек: Цэнтральны (самы вялікі па насельніцтве), Кальмiускі, Левабярэжны, Прыморскі. Акрамя таго, гарадскім уладам падпарадкаваныя побач размешчаныя пасёлкі: Сартана, Стары Крым і Талакоўка.
Кіраўніцтва
Жыццём горада кіруе гарадскі савет Марыупаля, які складаецца з 76 дэпутатаў. На чале гарадскога савета знаходзіцца мэр горада («гарадскі галава»). У 1998 годзе мэрам горада быў Юрый Хатлубей. Раней абсалютная большасць дэпутатаў прадстаўлялі палітычную Партыю рэгіёнаў Украіны, меліся таксама дэпутаты камуністычнай, сацыялістычнай і іншых партый.
Архітэктура
Цэнтральная частка горада прадстаўлена пераважна пяціпавярховымі дамамі. Новыя жылыя кварталы, забудаваныя дамамі ў 10 і 12 паверхаў, размешчаны па перыферыі і ўдалечыні ад прамысловых прадпрыемстваў. Каля паловы жылой забудовы прыходзіцца на аднапавярховыя сядзібныя хаты. Значная тэрыторыя занята прамысловымі прадпрыемствамі.
Экалогія
Марыупаль з’яўляецца адным з самых забруджаных гарадоў Украіны з-за вялікай колькасці выкіданых прамысловых газаў і пылу. Самай вялікай крыніцай забруджвання экалогіі з’яўляюцца металургічныя і коксахімічныя прадпрыемствы. Цэнтральная частка горада размешчана на шляху ветру ад металургічнага завода «Азовсталь», пабудаванага ў 1933 годзе ў самым цэнтры горада на беразе Азоўскага мора. Акрамя таго, важнай крыніцай забруджвання з’яўляецца перагрузка небяспечных грузаў у марскім порце.
Адукацыя
У Марыупалі знаходзяцца каля шасцідзесяці школ, некалькі тэхнікумаў, каледжаў, ліцэяў.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы:
Культура
У горадзе маецца рускі драматычны тэатр, мноства кінатэатраў, забаўляльных цэнтраў, тры музеі і выставачныя залы. Выпускаюцца дзясяткі газет, маецца 4 тэлекампаніі.
Спорт
Марыупаль з’яўляецца спартыўным цэнтрам рэгіёну: моцная школа бокса, грэка-рымскай барацьбы, маюцца футбольныя, ватерпольныя і баскетбольныя каманды, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянатах Украіны. У горадзе дзейнічаюць лядовы комплекс «Айсберг» (парк імя Пятроўскага), плавальны басейн «Няптун» (праспект Металургаў), гарналыжны спуск «Аляска» (штучны), стадыёны «Ільічавец», «Азовсталь» і іншыя.
Ахова здароўя
Марыупаль — буйны медыцынскі цэнтр на поўдні Данецкай вобласці.
Спіс дзяржаўных бальніц (2021):
- Марыупальская абласная бальніца інтэнсіўнай лячэння
- Марыупальская гарадская бальніца № 1
- Марыупальская гарадская бальніца № 4
- Марыупальская гарадская бальніца № 9
Тэлефонная кніга горада
Тэлефонны код + 380 629
- міліцыя — 102, хуткая дапамога — 103, служба выратавання — 101
- чыгуначны вакзал — 547 267, аўтавакзал — (+ 380 97) 077 6600,
- гатэль «Спартак» — 331 088, гатэль «Еўрапейскі» — 530 373, гатэль «Reikartz» — 595 800, гатэль «Poseidon» — (+ 380 67) 629 3902, гатэль «Марак» — (+ 380 96) 143 7898
Славутасці
Асноўныя славутасці горада: краязнаўчы і мастацкія музеі (вул Георгіеўская), парк «Гарадскі сад», луна-парк «Экстрым-Парк», плавальны басейн «Няптун» (праспект Металургаў), гарадскія марскія пляжы, старая ваданапорная вежа (вуліца Варганава), жылыя дамы са шпілямі і будынак тэатра (Тэатральная плошча), палац культуры «Маладзёжны» (вуліца Харлампіеўская), корпус Індустрыяльнага тэхнікума (вуліца Георгіеўская), помнікі Уладзіміру Высоцкаму, Архіпу Куінджы (нарадзіўся ў Марыупалі), мітрапаліту Ігнату, Тарасу Шаўчэнку. Таксама ёсць праваслаўныя і мусульманскія храмы. Побач з горадам размешчаны запаведнікі «Каменныя магілы» і «Хамутоўскі стэп» з унікальнай мясцовай флорай і фаўнай.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Сяргей Войчанка (1955 — 2004) — беларускі мастак-графік, жывапісец, скульптар, дызайнер.
- Іван Дзмітрыевіч Мішэнін (1899—1974) — вучоны, тэрапеўт, , доктар медыцынскіх навук (1941), прафесар (1964), акадэмік Акадэміі навук БССР (1966), Заслужаны ўрач РСФСР (1945), Заслужаны дзеяч навукі БССР (1964)[3].
- Таісія Аляксееўна Шчарбакова (1932—2015) — беларускі музыказнавец, педагог.
Зноскі
- ↑ http://www.ukrstat.gov.ua/druk/publicat/kat_u/2017/zb/06/zb_chnn_0117pdf.zip
- ↑ Напісанне Марыупаль у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.10. Мн., 2000, С.159
- ↑ Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 499. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Марыупаль
- Афіцыйная старонка Архівавана 11 красавіка 2007.
Катэгорыя·Населеныя пункты Угранскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.