Мельнік (Падляскае ваяводства)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Мельнік. Ме́льнік (польск.: Mielnik, па-падляску: Mélnik) — вёска ва ўсходняй Польшчы. Уваходзіць у склад Семятыцкага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Мельнік.
Геаграфія
Назва мясцовасці ўзнікла ад пакладаў мелу, якія знаходзяцца пад вёскай. Мел залягае тут у ледавіковых адорвенях.
Паселішча размяшчаецца над ракой Буг, непадалёк ад беларуска-польскай мяжы.
Гісторыя
Галіцка-Валынскае княства
Упершыню Мельнік згаданы пад 1240 годам у Іпацьеўскім летапісе. У 1260 годзе князь Васілька Раманавіч маліўся ў Мельніцкай царкве Св. Багародзіцы перад паходам на яцвягаў.
Вялікае Княства Літоўскае
У 1324 годзе дарагічынская зямля была далучанага Гедзімінам да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1378 годам у Хроніцы Віганда ўзгадваецца аблога мельніцкага замка тэўтонцамі. У 1420 годзе князь Вітаўт заснаваў першы касцёл Божага Цела, Узвышэння Маці Божай і Усіх Святых.
У 1430—1444 гадах Мельнік знаходзіўся ў руках мазавецкіх князёў. У 1440 годзе Мельнік атрымаў ад князя Баляслава Варшаўскага кульмскае гарадское права.
23 кастрычніка 1501 года вялікі князь літоўскі Аляксандр у мельніцкім замку падпісаў акт мельніцкай уніі, а некалькімі днямі пазней дараваў Мельніку магдэбургскае права. З 1520 года цэнтр асобнага Мельніцкага павета. У 1551 годзе замак перабудаваны ў стылі рэнесансу.
Рэч Паспалітая
У 1569 годзе разам з Падляшскім ваяводствам Мельнік далучаны да Кароны Польскай Рэчы Паспалітай. У 1657 годзе горад разбураны шведскімі і трансільванскімі войскамі.
У 1776 годзе ў Мельніку пабудаваная Пакроўская царква.
Пад уладай Расійскай імперыі
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 годзе і да падпісання Тыльзіцкага дагавора 1807 года па тэрыторыі сучаснага паселішча праходзіла граніца між прускім, аўстрыйскім і расійскім падзеламі.
У 1825 годзе ў пабудаваная Прачысценская царква. У 1871 годзе гатычны замкавы Троіцкі касцёл перададзены праваслаўным, у 1915 годзе зруйнаваны.
Найноўшы час
У 1920 годзе пабудаваны новы касцёл Перамянення Божага. У 1934 годзе па просьбах жыхароў Мельнік пазбаўлены гарадскіх правоў.
З 1939 года Мельнік ў складзе Брэсцкай вобласці БССР. У 1940 годзе ў час будаўніцтва Лініі Молатава жыхары Мельніка вымушаныя пакінуць горад.
22 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Мельнік ад нацысцкай акупацыі.
У 1953 годзе заснаваны камбінат па здабычы крэйды.
Славутасці
Руіны Траецкага касцёла (1420 г.)
Пакроўская царква (1776 г.)Прачысценская царква (1821—1823 гг.)
Праабражэнскі касцёл (1912—1920 гг.)
Сінагога (XIX ст.)
Замкавая гара
Зноскі
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мельнік (Падляскае ваяводства)- Афіцыйная старонка (польск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты Семятыцкага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.