Мец
Мец (фр.: Metz [mɛs], ням.: Metz [ˈmɛts], лац.: Divodurum Mediomatricorum, Divodurum, Met(t)is, Met(t)i, Met(t)ae) — горад на паўночным-усходзе Францыі, сталіца французскай гістарычнай вобласці Латарынгія і дэпартамента Мозель. Горад размешчаны ля зліцця рэк Мозель (якая галіны тут на некалькі рукавоў) і Сейль. Насельніцтва — 124 тыс. чалавек (1999).
Гісторыя
Паселішчы старажытных людзей на тэрыторыі Меца існавалі, па наяўных дадзеных, ужо за тысячы гадоў да н.э. Незадоўга да рымскага нашэсця тут знаходзілася галоўнае паселішча кельцкага племені медыяматрыкаў, якія і далі назву гораду. Пасля ўзяцця рэгіёна рымлянамі на гэтым месцы стаяў горад Дыводур (па-лацінску: Divodurum). У 451 годзе горад быў узяты Атылай. У 511—751 гадах — сталіца каралеўства Аўстразія. Пры распадзе Франскай імперыі стаў сталіцай уладанняў Лотара.
Паміж 1180 і 1210 гадамі Мец квітнеў у якасці вольнага імперскага горада, затым зрабіўся адным з трох біскупстваў, які падзялялі Францыю і Германію. Гарадcкі летапісец XV стагоддзя Абрыён асабіста ўдзельнічаў у многіх апісаных ім падзеях. Хаця большасць жыхароў горада падтрымалі Рэфармацыю, французскі кароль Генрых II Валуа падахвоціўся быць іх заступнікам і паспяхова абараняў горад ад Габсбургаў у 1552 годзе. Паводле вынікаў Трыццацігадовай вайны ўсе тры біскупства былі афіцыйна замацаваны за Францыяй. Падчас франка-прускай вайны чарговая аблога Меца немцамі доўжылася 52 дні.
З 1871 па 1918 і 1940—1944 гады Мец уваходзіў у склад Германіі. Горад традыцыйна быў добра ўмацаваны; Себасцьен Вабан у свой час пісаў каралю, што «крэпасці абараняюць правінцыі каралеўства, а Мец — дзяржаву ўвогуле». Нямецкая адміністрацыя пажадала знесці ўмацаванні і пракласці на іх месцы бульвары і набярэжныя. З старажытных умацаванняў ацалела толькі грандыёзная Брама немцаў. Сваё цяперашняе аблічча стары горад і яго спальныя раёны набылі пасля Другой сусветнай вайны. І сёння па архітэктуры можна адрозніць «французскі» і «нямецкі» Мец.
Славутасці
З архітэктурных помнікаў Меца найбольшай вядомасцю карыстаюцца два сярэднявечных моста Нябожчыкаў, оперны тэатр сярэдзіны XVIII стагоддзя, адна з найстарэйшых цэркваў Францыі — базіліка Сен-П’ер-о-Нанэн, пабудаваная ў канцы III — пачатку IV стагоддзя і сабор Святога Стэфана, адзін з самых высокіх у Францыі. У ім можна сузіраць не толькі вітраж XIII—XIV стагоддзяў, але і працы авангардыстаў XX стагоддзя Марка Шагала і Жака Віёна. Перыяд нямецкага валадарства наклаў свой адбітак на аблічча горада. На адным з астраўкоў высіцца вялікая лютэранская царква — Новы храм, асвечаны ў 1904 годзе ў прысутнасці кайзера Вільгельма II. З 12 мая 2010 у Мецы з’явілася яшчэ адна славутасць: першы ў Францыі філіял парыжскага Цэнтра культуры і мастацтва Пампіду.
Галерэя
- Мец. Базіліка Сен-П’ер-о-Нанэн
- Мец. Сабор Святога Стэфана
- Мец. Брама немцаў
- Мец. Цэнтр Пампіду
- Мец. Плошча Сен-Луі, які ў XIII стагоддзі быў месцам правядзення кірмашоў
Вядомыя асобы
- Леа Вайсбергер (1899—1985) — нямецкі мовазнавец
- Геранім Уладзіслаў Кеневіч (1834-1864) — рэвалюцыйны дзеяч, інжынер.
- Жан-Віктор Панселе (1788—1867) — матэматык і інжынер, стваральнік праектыўнай геаметрыі
Славутасці
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мец
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мартакерцкага раёна НКР Катэгорыя·Населеныя пункты Старадарожскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Шушынскага раёна НКР Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты марза Армавір Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.