Мура (Швецыя)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Мура.
Му́ра (шведск.: Mora) — горад у цэнтральнай Швецыі, адміністрацыйны цэнтр камуны Мура Даларнскага лена.
Колькасць насельніцтва — 10 940 чалавек (2005). Размешчаны на беразе возера Сільян.
Назва
Назва горада паходзіць ад старажытнашведскага mor — «шчыльны лес на балоцістай зямлі».
Гісторыя
Упершыню Мура згадваецца ў 1325 г., але магчыма, паселішча існавала ўжо ў XIII стагоддзі. У 1520 шведскі шляхціц Густаў Ваза ўцякаў праз Даларну ад праследавання датчан. У Муры, ля мясцовай царквы ён заклікаў гараджан да паўстання супраць дацкага панавання, але яны яго спачатку не паслухаліся, і іх будучы кароль пабег далей, у бок Нарвегіі. Падумаўшы над словамі Вазы, гараджане ўсё ж вырашылі падтрымаць яго ідэю і паслалі двух лыжнікаў дагнаць яго: гэта адбылося ў мястэчку Селен. Ваза вярнуўся ў Муру і ўзначаліў антыдацкае паўстанне, якое скончылася атрыманнем Швецыяй незалежнасці і каранацыяй Густава Вазы на шведскі прастол.
XVII стагоддзе стала цёмнай старонкай гісторыі горада, бо прайшло пад знакам шматлікіх Вядзьмарскіх працэсаў, што забралі жыццё дзясяткаў чалавек. У наступным стагоддзі, у выніку рада неўраджайных гадоў, многія жыхары Муры шукалі заробку ў Стакгольме, але потым усё ж вярталіся ў родныя мясціны. У канцы XVIII стагоддзя ў Муры пачалі вырабляць насценныя гадзіннікі, а з 1860-х гг. — швейныя машынкі. У канцы XIX стагоддзя чыгунка злучыла Муру з іншымі часткамі Швецыі.
Славутасці
- Музей Андэрса Цорна і хата, дзе ён нарадзіўся.
- Дом лыжнага марафону Васалапет і фінішны пункт гэтага забегу.
- Статуя Густава Вазы працы Андэрса Цорна (на месцы фінішу Васалапета).
- Царква Муры
- Томтэланд, або Краіна Томтэна — тэматычны парк, прысвечаны гэтаму шведскаму міфічнаму персанажу, якому прыкладна адпавядае беларускі Зюзя.
- Вытворчасць даларнскіх конікаў у Нюснесе (у наваколлі Муры).
Вядомыя выхадцы і жыхары
- Андэрс Цорн (1860—1920), мастак
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мура (Швецыя)
Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.